Орбан «даў заднюю» ў пытанні расійскай нафты перад сустрэчай з Трампам
4- 7.11.2025, 15:42
- 7,052
Мясцовыя кампаніі ўжо знайшлі альтэрнатыву.
Венгрыя нечакана заявіла пра гатоўнасць адмовіцца ад расійскай нафты і перайсці на альтэрнатыўныя пастаўкі. Гэта адбылося напярэдадні візіту прэм’ер-міністра Віктара Орбана ў ЗША, дзе ён сустрэнецца з прэзідэнтам Дональдам Трампам. Такі крок можна лічыць сігналам спробы Будапешта дыстанцыявацца ад Масквы на фоне ўзмацнення ціску з боку Захаду.
Як паведамляе агенцтва Bloomberg (пераклад — dialog.ua), венгерская нафтагазавая кампанія Mol прызнала, што здольная замяніць да 80% паставак расійскай нафты за кошт імпарту праз харвацкі трубаправод. Раней менавіта гэты варыянт Будапешт называў тэхнічна немагчымым. Цяпер жа Mol адзначае, што такая схема цалкам рэальная, хоць і пацягне за сабой дадатковыя выдаткі і рызыкі.
Да нядаўняга часу Орбан і кіраўніцтва Mol сцвярджалі, што адсутнасць у Венгрыі выхаду да мора робіць Расію адзіным надзейным пастаўшчыком нафты. Аднак новая справаздача кампаніі дэманструе паварот у пазіцыі — цяпер Будапешт фактычна прызнае, што залежнасць ад Крамля можна скараціць.
Прычынай такой змены стала ўзмацненне санкцый ЕС і ЗША супраць расійскага нафтавага сектара. Амерыканская адміністрацыя 22 кастрычніка ўвяла абмежаванні супраць «Раснафты» і «Лукойла», даўшы месяц на згортванне ўсіх аперацый. Мэта санкцый — скараціць даходы Расіі, якія ідуць на фінансаванне вайны супраць Украіны. У выніку многія краіны, уключаючы Індыю і Кітай, ужо пачалі шукаць замену расійскім пастаўкам.
На гэтым фоне Орбан накіраваўся ў Вашынгтон, дзе ў пятніцу адбудзецца сустрэча з Дональдам Трампам. Венгерскі прэм’ер заявіў, што хоча абмеркаваць санкцыі і дамагчыся для сваёй краіны выключэння, паколькі адмова ад расійскай нафты, паводле яго слоў, прывядзе да росту коштаў на энерганосьбіты. Аднак Трамп ужо даў зразумець, што паблажак не будзе.
«Мы яго не далі, але ён нас папрасіў», — пракаментаваў прэзідэнт ЗША.