ЗША часова дазволілі Венгрыі купляць расійскую нафту
11- 8.11.2025, 10:00
- 7,094
Орбану ўдалося дамовіцца з Трампам.
Венгерскія кампаніі, якія імпартуюць расійскую нафту і газ, не будуць падвергнутыя амерыканскім санкцыям на працягу бліжэйшага года, паведаміў у пятніцу прадстаўнік Белага дома, паведамляе «Радыё Свабода».
Аб гэтым рашэнні было абвешчана пасля сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана у Вашынгтоне. Папярэджанне ўвядзення другасных амерыканскіх санкцый супраць венгерскіх кампаній, якія набываюць расійскую нафту і прыродны газ, было адной з асноўных мэт візіту Орбана. Паводле яго слоў, працяг імпарту энергарэсурсаў з Расіі жыццёва неабходны для Венгрыі. Раней Орбан заяўляў, што іх адсутнасць «паставіць венгерскую эканоміку на калені». Дональд Трамп сказаў, што яго адміністрацыя разглядае гэтае пытанне, бо Венгрыі цяжка атрымаць нафту і газ з іншых крыніц.
Паводле даных МВФ, у 2024 годзе на Расію прыпадала 86 працэнтаў нафты, імпартаванай Венгрыяй. Страта гэтай крыніцы энергарэсурсаў можа прывесці да змяншэння ВУП краіны на 4 працэнты. Разам з тым, згодна з даследаваннем Цэнтра вывучэння дэмакратыі (CSD) і Цэнтра даследавання энергіі і чыстага паветра (CREA), Венгрыя можа адмовіцца ад расійскай нафты, замяніўшы яе нафтай, якая паступае па нафтаправодзе Adria праз Харватыю.
Венгрыя і Славакія — адзіныя сябры Еўрасаюза, што працягваюць імпартаваць расійскую нафту. У канцы кастрычніка адміністрацыя Дональда Трампа ўвяла санкцыі супраць найбуйнейшых нафтавых кампаній Расіі «Раснафта» і «Лукойл». Замежныя кампаніі, якія працягваюць набываць іх прадукцыю пасля 21 лістапада, могуць стаць аб’ектамі амерыканскіх другасных санкцый.