У Вялікабрытаніі з музея ў Брысталі скралі больш за 600 прадметаў
3- 11.12.2025, 17:13
- 2,008
Паліцыя называе страту «сур'ёзным ударам» па культурнай спадчыне.
У брытанскім Брысталі з калекцыі Брытанскай імперыі і Садружнасці мясцовага музея было скрадзена больш за 600 экспанатаў.
Пра гэта паведамляе The Guardian са спасылкай на даныя паліцыі.
Дэтэктывы паліцыі графстваў Эйвон і Самерсет заявілі, што хочуць дапытаць чатырох мужчын у сувязі з рабаваннем і апублікавалі выявы з камер відэаназірання, на якіх зафіксавана гэтая група.
Прадметы былі скрадзены з пазамузейнага сховішча 25 верасня паміж першай і другой гадзінай ночы.
Дэтэктыў Дэн Бурган, які вядзе гэтую справу, сказаў: «Крадзеж многіх прадметаў, што маюць значную культурную каштоўнасць, з'яўляецца сур'ёзнай стратай для горада».
«Гэтыя прадметы, многія з якіх былі ахвяраваныя, з'яўляюцца часткай калекцыі, якая дазваляе атрымаць уяўленне пра шматгранную частку брытанскай гісторыі, і мы спадзяёмся, што грамадскасць дапаможа нам прыцягнуць вінаватых да адказнасці», — дадаў ён.