13 снежня 2025, Субота, 6:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расіі пачалося запаволенне Telegram

1
У Расіі пачалося запаволенне Telegram

Пра збоі ў працы мэсенджара ў РФ паведамляюць да 80% карыстальнікаў.

З пачатку бягучага тыдня ў Расіі пачасціліся праблемы ў працы мэсенджара Telegram, які налічвае каля 100 млн карыстальнікаў, сведчаць даныя маніторынгавых сэрвісаў Downdetector і «Сбой.рф», піша The Moscow Times.

Паводле даных апошняга, колькасць скаргаў на збоі платформы падскочыла ў панядзелак і да канца тыдня, 12 снежня, перавысіла 2500. Людзі ў каментарыях найчасцей паведамляюць пра сур'ёзныя затрымкі пры дастаўцы медыяфайлаў — відэа і фота, «кружочкаў», малюнкаў, эмодзі і г. д. Іншыя пішуць, што Telegram або зусім не адкрываецца, або ў ім ідзе бясконцае «злучэнне» — не абнаўляецца стужка і не загружаюцца новыя паведамленні. Пры гэтым многія карыстальнікі скардзяцца, што збоі мэсенджара захоўваюцца нават пры пераключэнні на Wi-Fi.

Паводле Androidinsider.ru, хуткасць загрузкі медыяфайлаў у мэсенджары сапраўды запаволілася: у Расіі яна складае каля 128 Кб/с. Пры гэтым пасля змены IP-адраса на замежны паказчык адразу скача да 896 Кб/с нават без перазапуску прыкладання. Такая ж сітуацыя — пры спампоўванні фота і відэа з Telegram. Партал адзначае, што гэтыя паказчыкі не з'яўляюцца дакладным пацвярджэннем мэтанакіраванага запаволення сервісу ў РФ, але «вельмі на тое падобна».

Зніжэнне працаздольнасці Telegram можа быць справай рук Раскамнагляду, які «прыбірае ўсё імпартнае», а можа быць звязана з праблемамі самога мэсенджара пасля абнаўлення, лічыць гендырэктар «TelecomDaily» Дзяніс Кускоў. «Калі гэта [блакіроўка мэсенджара] будзе і ці будзе ўвогуле, сказаць вельмі цяжка. Аднак тыя крокі, якія паступова робяцца з прыкметнай пастаяннасцю, сведчаць пра тое, што такое цалкам верагодна, у тым ліку пасля Новага года», — сказаў эксперт «НСН».

Пра збоі ў працы Telegram у Расіі паведамляюць да 80% карыстальнікаў, заявіў кіраўнік Асацыяцыі прафесійных карыстальнікаў сацсетак і мэсенджараў Уладзімір Зыкаў. Паводле яго слоў, «скаргаў на павольную працу вельмі шмат», прычым гэта датычыць усіх правайдараў. «Telegram не мог адначасова пагоршыцца ў такога вялікага ліку карыстальнікаў з розных рэгіёнаў. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з Раскамнаглядам, у якога былі пэўныя прэтэнзіі да Telegram. Аднак канчатковыя высновы пакуль зрабіць немагчыма, трэба глядзець, што будзе далей», — патлумачыў ён.

Сам Раскамнагляд запаволенне Telegram афіцыйна не пацвярджае. Да мэсенджара, які расійскія ўлады ўжо беспаспяхова спрабавалі блакіраваць у 2018 годзе, цяпер не прымяняюцца новыя абмежаванні, заявілі ў ведамстве.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках