Захарава ўбачыла ў «схеме Далінай» змову Захаду супраць расіян
5- 13.12.2025, 10:30
- 6,030
МЗС Расіі агучыла дзікую «тэорыю».
Справа расійскай спявачкі Ларысы Далінай, якая стала ахвярай махляроў, можа выкарыстоўвацца недабразычліўцамі і ворагамі Расіі, каб «стравіць людзей» унутры краіны, заявіла ў размове з журналістамі афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў РФ Марыя Захарава, піша RTVI.
— Відавочна, яны [праціўнікі Расіі] <�…> разумеюць, што на полі бою не атрымалася, што ніякай «адмены Расіі» не адбылося, што нас немагчыма «адмяніць» ні ў культуры, ні ў спорце, нідзе. А зло іх перапаўняе. І адзін са спосабаў, які яны цяпер вырашаюць выпрабаваць, — гэта сутыкненне людзей, — падсумавала дыпламатка.
Па яе словах, неабходна бачыць «усю глыбіню гэтага пытання» і разумець, што «гэта частка таго, што нам было падкінута», каб даць адпаведны адказ на гэты выклік «як супольнасць, як грамадства, як народ».
— Бо сапраўды закранута адна з самых адчувальных тэм, звязаных нават не толькі з нерухомасцю, а з жыллём, з тым, што складае для кожнага чалавека сваё такое блізкае кола, — заявіла Захарава (цытата паводле ТАСС).
Нагадаем, у сацсетках шырокую вядомасць атрымаў «эфект Далінай». Усё пачалося пасля таго, як у 2024 годзе спявачка аддала тэлефонным махлярам больш за 300 мільёнаў расійскіх рублёў (звыш 3 млн долараў) — у тым ліку грошы ад продажу пяціпакаёвай кватэры ў Маскве. Зразумеўшы, што яе падманулі, Даліна звярнулася ў суд і выйграла яго. У выніку кватэру ёй вярнулі. А пакупніцы, што засталася без кватэры, прапанавалі спрабаваць забраць грошы ў махляроў.
Расіян абурыў учынак Даліны, якая пакінула пакупніцу сваёй кватэры і без жылля, і без грошай. Гледачы пачалі масава здаваць квіткі на канцэрты артысткі.
Тым часам у расійскіх судах пачалі разглядаць падобныя справы.