Кароль Вялікабрытаніі распавёў пра поспехі свайго лячэння ад раку
2- 13.12.2025, 10:40
- 2,870
Зварот манарха стаў магутным пасланнем.
Кароль Вялікабрытаніі Карл III у запісаным відэазвароце падзяліўся «добрымі навінамі» пра сваё здароўе. Манарх сказаў, што дзякуючы ранняй дыягностыцы і «эфектыўнаму лячэнню» ў новым годзе аб'ём тэрапіі яго анкалагічнага захворвання скараціцца, піша Бі-бі-сі.
«Сёння я магу падзяліцца з вамі добрай навіной пра тое, што дзякуючы ранняй дыягностыцы, эфектыўнаму ўмяшанню і выкананню прадпісанняў лекараў мой уласны графік лячэння раку ў новым годзе можна будзе скараціць», — сказаў кароль у сваёй прамове.
Відэазварот, запісаны ў Кларэнс-хаусе два тыдні таму, быў паказаны ў пятніцу ўвечары на канале Channel 4 у межах дабрачыннага праекта Stand Up To Cancer («Паўстаньце супраць раку»), што праводзіцца разам з дабрачыннай арганізацыяй Cancer Research UK, якая фінансуе анкалагічныя даследаванні.
«Гэты рубеж — адначасова асабістае благаслаўленне і сведчанне выбітнага прагрэсу, дасягнутага ў лячэнні раку», — сказаў Карл III.
З заявы караля вынікае, што ён добра рэагуе на лячэнне, і гэта найзначнейшае абнаўленне звестак пра яго стан здароўя з таго часу, як ён абвясціў пра дыягназ у лютым 2024 года.
Тып анкалагічнага захворвання па-ранейшаму не раскрываецца, а лячэнне і медыцынскае назіранне працягнуцца, толькі ў іншым рэжыме.
Сваё выступленне кароль праілюстраваў прыкладамі статыстыкі вылячэння раку кішачніка пры ранняй і позняй дыягностыцы. Аднак, паводле крыніц Бі-бі-сі пры двары, згадка гэтага тыпу раку не адносілася да самога манарха.
Таксама з папярэдніх заяў вядома, што ў караля няма пухліны прадсталёвай залозы.
Букінгемскі палац таксама заявіў, што працэс аднаўлення караля знаходзіцца на такой добрай стадыі, што лекары перавядуць схему яго лячэння «ў прафілактычную фазу».
Частата праверак і працэдур будзе значна скарачана, аднак, падкрэсліваюць медыкі, 77-гадовы кароль не знаходзіцца ў стане рэміісіі або «вылечвання».
«Бясцэнны час» ранняй дыягностыкі
Stand Up To Cancer заклікае як мага больш людзей праходзіць абследаванні на рак і карыстацца нацыянальнымі праграмамі скрынінгу, а ў пасланні караля падкрэсліваецца важнасць праверак для выяўлення раку на ранняй стадыі.
Паводле даных Cancer Research UK, прыблізна дзевяць мільёнаў брытанцаў не праходзяць абследаванні па праграмах нацыянальнай службы аховы здароўя своечасова.
«З уласнага досведу я ведаю, што дыягназ “рак” можа быць ашаламляльным. Але я таксама ведаю, што ранняя дыягностыка — гэта ключ да ўсяго наступнага працэсу лячэння, яна дае медыкам бясцэнны час», — сказаў кароль.
Карл III таксама распавёў, наколькі глыбока яго кранула апека, якой акружаны кожны пацыент з анкалогіяй, — спецыялісты, медсястры, навукоўцы і валанцёры, якія нястомна працуюць, каб ратаваць жыцці.
Прэм'ер-міністр сэр Кір Стармер заявіў, што зварот караля стаў «магутным пасланнем».
«Я ведаю, што выказваю меркаванне ўсёй краіны, калі кажу, як я рады таму, што ў новым годзе інтэнсіўнасць яго лячэння ад раку будзе зніжана», — дадаў ён.
Дагэтуль кароль мала казаў пра сваю хваробу публічна. Ён працягваў працаваць па шчыльным графіку, уключаючы замежныя паездкі і дзяржаўныя прыёмы — у тым ліку прыём у гонар візіту прэзідэнта Германіі мінулага тыдня.
Агульнанацыянальны праект
У цяперашні час у Вялікабрытаніі дзейнічаюць тры праграмы анкалагічнага скрынінгу Нацыянальнай службы аховы здароўя — на рак кішачніка, малочнай залозы і шыйкі маткі — даступныя для пэўных узроставых груп.
Таксама паступова ўкараняецца новая праграма скрынінгу раку лёгкіх для людзей з высокай рызыкай развіцця захворвання. Яна арыентаваная перш за ўсё на людзей ва ўзросце ад 55 да 74 гадоў, якія кураць або курылі ў мінулым.
Мужчыны могуць цікавіцца абследаваннямі на рак прадсталёвай залозы, аднак нацыянальнай праграмы скрынінгу па гэтым захворванні пакуль не існуе.
Праект Stand Up To Cancer, які з 2012 года сабраў 113 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, фінансуе 73 клінічныя даследаванні з удзелам 13 тысяч анкалагічных пацыентаў.
Генеральная дырэктарка Cancer Research UK Мішэль Мітчэл заявіла, што публічныя фігуры, якія адкрыта гавораць пра рак, могуць падштурхнуць іншых прайсці абследаванне.
«Ранняе выяўленне раку можа адыграць вырашальную ролю і дае найлепшыя шанцы на паспяховае лячэнне», — сказала яна.