Кіраўнік СЗРУ Украіны: Лукашэнка атрымаў макет замест «Арэшніка»
5- 13.12.2025, 13:19
- 2,744
Без будаўніцтва іншых элементаў ракета будзе выконваць толькі бутафорскую ролю.
Расія разгортвае ў Беларусі балістычную ракету сярэдняй далёкасці «Арэшнік». Гэта сродак ціску найперш на Еўрапейскі саюз і НАТА, а не на Украіну. Пра гэта заявіў кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны (СЗРУ) Алег Івашчэнка у каментары «Укрынформу».
«Мы бачым меры па падрыхтоўцы і разгортванні балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі. Расія і Беларусь будуюць ваенныя аб’екты для пускавой устаноўкі, сістэм назірання і сувязі, якія з’яўляюцца элементамі сістэмы «Арэшнік». Аднак, па стане на дадзены момант, гэтыя меры яшчэ не рэалізаваныя», — распавёў ён.
Івашчэнка дадаў, што Расія фізічна можа размясціць пускавую ўстаноўку для «Арэшніка» ў Беларусі. Тым не менш без будаўніцтва іншых элементаў яна будзе выконваць толькі ролю макета.
Кіраўнік СЗРУ адзначыў, што Беларусь не зможа прымяняць «Арэшнік» самастойна. Ён патлумачыў, што гэта ракетная сістэма будзе знаходзіцца ў адзінай сістэме кіравання ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэння РФ.
Івашчэнка лічыць, што размяшчэнне «Арэшніка» на тэрыторыі Беларусі прызвана ўзмацніць ціск на Еўропу. Таксама ён падкрэсліў, што так Расія хоча абараніць «Арэшнік» ад паразы з боку Украіны.
«Разгортванне «Арэшніка» на тэрыторыі Беларусі — гэта сродак ціску найперш на ЕС і НАТА, а не на Украіну. Такі крок дазволіць Расіі пашырыць свае магчымасці для нанесення раптоўнага ўдару па сталіцы любой еўрапейскай краіны і значна скараціць час падлёту ракет у параўнанні з пускам з палігона «Капустын Яр», — дадаў кіраўнік СЗРУ.