У Беларусі зафіксаваныя чарговыя рэкорды цяпла
- 13.12.2025, 17:06
У прыватнасці, перапісаныя два рэкорды 65-гадовай даўніны.
Дзякуючы затрымцы пахаладання мінулым днём, 12 снежня, на беларускіх метэастанцыях зафіксаваныя чарговыя рэкорды цяпла, як вынікае з праведзенага «Позіркам» параўнальнага аналізу аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамета.
Лакальныя экстрэмумы абнавіліся ў цэнтры і на ўсходзе краіны (усяго 12).
У прыватнасці, перапісаныя два рэкорды 65-гадовай даўніны: у Мар’інай Горцы (8,5 градуса вышэй за нуль супраць 7,8) і Бабруйску (7,9 супраць 7,7).
Рэкорды цяпла абнаўляліся чатыры дні запар.
Уначы на 13 снежня тэмпература апусцілася да 6-7 градусаў марозу ў паўночна-ўсходніх раёнах, адкуль пачалося ўварванне арктычнага паветра (-7,3 у Шаркаўшчыне), да 4-6 — у цэнтральных (у Мінску да -5,8), да 1-3 — у заходніх. Станоўчыя тэмпературы захаваліся на паўднёва-захадзе Брэсцкай вобласці (+3,7 у Брэсце; +4,8 у польскай Владаве, якая знаходзіцца непасрэдна каля мяжы з Беларуссю).
14 і 15 снежня, паводле прагнозу Белгідрамета, тэрыторыя краіны будзе падзеленая паміж цёплым (захад) і халодным (усход) паветрам. Уначы на 14 снежня ад +3 да -9, удзень ад +6 да -4. Белгідрамет абвясціў штармавое папярэджанне ў сувязі з галалёдзіцай і месцамі моцным снегам уначы.
Уначы на 15 снежня таксама ад +3 да -9, удзень ад +6 да -2.