Расійскія войскі заблакаваныя ў паўночнай частцы Купянска
3- 13.12.2025, 17:07
- 4,074
Яны не могуць атрымліваць падмацаванне або забеспячэнне.
Расійскія падраздзяленні, якія дзейнічаюць на Харкаўшчыне ў паўночнай частцы Купянска і ў яго наваколлі, заблакаваныя. Цяпер яны фактычна не маюць магчымасці атрымліваць падмацаванне або паўнавартаснае забеспячэнне.
Начальнік упраўлення камунікацыі ўкраінскай Групоўкі Аб’яднаных сіл Віктар Трегубоў распавёў пра сітуацыю на Харкаўшчыне, дзе працягваюцца баі.
- Я ўжо насамрэч не першы дзень кажу, што расійскія войскі заблакаваныя ў паўночнай частцы горада Купянска, проста тут, хутчэй, гаворка нават не пра непасрэдна горад, а пра яго наваколле. Так, безумоўна, цяпер расійскія войскі ў горадзе не могуць атрымліваць папаўненне, – патлумачыў вайсковец.
У той жа час, паводле яго слоў, колькасць актыўных расійскіх вайскоўцаў у гэтым раёне абмежаваная.
- Уласна, там знаходзіцца каля 40 актыўных пазыўных, а калі браць па ацэнках не актыўных пазыўных, а людзей, то, паводле даных нашай разведкі, больш за 100, але праводзіць там нейкія актыўныя дзеянні яны не могуць, – адзначыў Трегубоў.
Ён таксама адзначыў, што расійскія падраздзяленні ў гэтым раёне фактычна адрэзаныя ад лагістыкі. Паводле слоў Трегубова, расіяне і далей застаюцца ў паўночных раёнах горада, аднак не маюць магчымасці атрымліваць ні падмацаванне, ні паўнавартаснае забеспячэнне, акрамя паветранага моста і скідаў з БПЛА.