У Індыі расчараваныя фанаты разграмілі стадыён
- 14.12.2025, 3:00
- 2,224
Яны не змаглі ўбачыць Месі.
У гэтыя дні Ліянэль Месі знаходзіцца ў Азіі, прыляцеўшы ў Індыю ў межах рэкламнага тура. Здавалася б, выдатнае мерапрыемства, аднак пасля яго наведвання стадыёна ў Калкаце балельшчыкі разнеслі стадыён: яны як след не ўбачылі свайго куміра.
У Індыю Леа прыляцеў разам з іншымі вядомымі таварышамі па «Інтэры» (Маямі): Луісам Суарэсам і Радрыгам дэ Паулем. Аднак найбольш увагі надалі менавіта Леа: у яго гонар усталявалі велізарны помнік, а на 70-тысячным стадыёне «Солт-Лэйк» уладкавалі сустрэчу з балельшчыкамі. Праўда, усё пайшло не так, як планавалася.
Месі пастаянна суправаджалі ахоўнікі, чыноўнікі, іншыя людзі, і балельшчыкам з трыбун футбаліста было як след не відаць. Як піша sports.ru, фанаты пачалі прыходзіць у лютасць: спачатку яны свісталі, а потым пачалі кідаць на поле ўсё запар — ад крэслаў да бутэлек. З гэтай прычыны Месі не здолеў зрабіць кола гонару і неўзабаве пакінуў поле. Індыйцы яшчэ больш раззлаваліся: яны выскочылі на поле і пачалі ламаць рэкламныя шчыты.

Судзячы паводле паведамленняў у сацсетках, людзей асабліва раззлавала тое, што Месі правёў на стадыёне ўсяго 10 хвілін, а побач з ім пастаянна хадзілі важныя асобы: чыноўнікі, мясцовыя сэлебрыці і іх сваякі. Пры гэтым людзі заплацілі грошы, каб наведаць гэтае мерапрыемства. Адзін з іх сцвярджае, што заплаціў за ўваход на стадыён 12 тыс. рупій (прыблізна 390 беларускіх рублёў).

Індыйская паліцыя арыштавала арганізатара мерапрыемства.
Месі і кампанія павінны былі правесці ў Індыі некалькі дзён. Арганізатары планавалі, што, акрамя Калкаты, Ліянэль наведае Хайдарабад, Мумбаі і Нью-Дэлі. Ці зменіцца яго праграма пасля інцыдэнту ў Калкаце, пакуль невядома.