Ізраіль ліквідаваў аднаго з ключавых камандзіраў ХАМАС у Газе
- 14.12.2025, 8:50
- 2,774
Ён быў «архітэктарам» нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года.
Ізраіль заявіў пра забойства высокапастаўленага камандзіра ХАМАС Раэда Саэда у Газе.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што ў суботу, 13 снежня, у выніку ўдару па аўтамабілю ў Газе быў забіты высокапастаўлены камандзір ХАМАС Раэд Саэд, адзін з «архітэктараў» нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года.
Гэта было найбольш гучнае забойства высокапастаўленага дзеяча ХАМАС з моманту ўступлення ў сілу пагаднення аб спыненні агню ў Газе ў кастрычніку, паведамляе Reuters.
У сумеснай заяве прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху і міністр абароны Ізраэль Кац заявілі, што Саэд стаў мішэнню ў адказ на атаку ХАМАС, у выніку якой выбуховае прыстасаванне параніла двух салдат.
Паводле дадзеных органаў аховы здароўя Газы, на якія спасылаецца Reuters, у выніку выбуху аўтамабіля загінулі пяць чалавек і як мінімум 25 атрымалі раненні.
Аднак пакуль няма неадкладнага пацвярджэння, што Саэд сярод загінулых.