На пляжы ў Аўстраліі адкрылі агонь падчас святкавання Ханукі
- 14.12.2025, 12:43
- 8,010
(Абноўлена) Аднаго са стралкоў абяззброіў выпадковы мінак.
Невядомыя адкрылі агонь на пляжы Бондай-Біч у Сіднэі, перадае Sydney Morning Herald. Па інфармацыі Guardian Australia, прагучалі як мінімум дванаццаць стрэлаў. Паліцыя штата Новы Паўднёвы Уэльс паведаміла пра затрыманне двух чалавек і заклікала жыхароў і турыстаў пазбягаць гэтага раёна.
Па інфармацыі The Jerusalem Post, на пляжы праходзіла мерапрыемства, прысвечанае яўрэйскаму святу Хануцы. Прэзідэнт Сіянісцкай федэрацыі Аўстраліі Джэрэмі Лейблер распавёў газеце, што ўсяго на пляжы знаходзілася каля 2 тыс. членаў яўрэйскай абшчыны.
MASS SHOOTING AT BONDI BEACH IN SYDNEY
THIS IS A LIVE DEVELOPMENT pic.twitter.com/pXnnm6qtBO
— Drew Pavlou 🇦🇺🇺🇸🇺🇦🇹🇼 (@DrewPavlou) December 14, 2025
Daily Mail са спасылкай на відавочцаў піша, што першыя стрэлы прагучалі а 18:40 па мясцовым часе (10:40 па Мінску). Агонь адкрылі двое мужчын, якія прыбылі на пляж на аўтамабілі.
«На пляжы Бондай затрыманыя два чалавекі. Аперацыя працягваецца, і грамадскасці настойліва рэкамендуецца пазбягаць гэтага раёна», — паведамілі пазней у паліцыі.
Bondi beach pic.twitter.com/pQBo5EbCiw
— Australian Jewish Association (@AustralianJA) December 14, 2025
На месца прыбыло больш за два дзясяткі машын экстраных службаў, уключаючы супрацоўнікаў паліцыі і медыкаў, перадае ABC. Інфармацыя пра ахвяр разыходзіцца. The Jerusalem Post піша, што ў выніку стральбы загінуў адзін чалавек і некалькі атрымалі раненні, у тым ліку адзін паліцэйскі. Паводле службы хуткай дапамогі штата Новы Паўднёвы Уэльс, у бальніцу даставілі шэсць чалавек, астатнім пацярпелым аказваюць дапамогу на месцы.
Крыніцы News.com у паліцыі лічаць, што напад рыхтаваўся некалькі месяцаў. Выданне піша, што адзін з нападнікаў быў застрэлены, а другі атрымаў агнястрэльнае раненне. Цяпер яму аказваюць дапамогу супрацоўнікі экстраных службаў.
Паводле дадзеных відавочцаў, на пляжы прагучала не менш за 50 стрэлаў. У сетцы з’явіліся відэа, знятыя на месцы здарэння: на кадрах двое мужчын страляюць з доўгаствольнай зброі.
«Я бачыў прынамсі дзесяць чалавек на зямлі і кроў усюды», — сказаў журналістам адзін са сведкаў.
Выданне News.com.au паведамляе, што загінулі 10 чалавек, улады гэта пакуль не пацвярджалі.
Паліцыя штата Новы Паўднёвы Уэльс пацвердзіла, што два чалавекі ўжо знаходзяцца пад вартай.
«Два чалавекі знаходзяцца пад вартай паліцыі на пляжы Бондай; аднак паліцэйская аперацыя працягваецца, і мы па-ранейшаму заклікаем людзей пазбягаць гэтага раёна», — гаворыцца ў паведамленні паліцыі.
У сетцы таксама распаўсюджваецца відэа, на якім відаць, як мужчына абяззброіў, верагодна, аднаго са стралкоў, падкраўшыся да яго ззаду.