Навукоўцы пачалі складаць першы ў свеце слоўнік мовы старажытных кельтаў
1- 14.12.2025, 21:38
- 1,376
На ёй размаўлялі ў асобных частках Вялікабрытаніі і Ірландыі 2000 гадоў таму.
Словы мовы, на якой размаўлялі ў асобных частках Вялікабрытаніі і Ірландыі 2000 гадоў таму, збіраюцца выкарыстоўваць для стварэння таго, што пазіцыянуецца як першы поўны слоўнік старажытнакельцкай мовы. Яго рыхтуюць эксперты з Універсітэта Аберіствіта (Вялікабрытанія).
Слоўнік не будзе вялізным, бо захавалася параўнальна мала слоў. Але эксперты чакаюць, што ў выніку ў ім будзе больш за 1000 моўных адзінак. Пра гэта паведамляе The Guardian.
Элементы сучасных моў, такіх як валійская, ірландская, шатландская гэльская, брэтонская і корнская, маюць некаторыя карані ў сваіх старажытнакельцкіх аналагах.
Хаця яны часта адрозніваюцца адно ад аднаго, паміж словамі можна заўважыць падабенства.
Напрыклад, словы, што абазначаюць мора ў валійскай і стараірландскай мовах — môr і muir, адпавядаюць слову mori ў кельцкіх назвах, такіх як, напрыклад, Moridunum, што азначае «марская крэпасць» і з'яўляецца старажытнай назвай Кармартэна на паўднёвым захадзе Уэльса.
Акрамя твораў Цэзара, фрагменты на кельцкай мове можна знайсці ў адміністрацыйных запісах, складзеных рымлянамі пасля прыбыцця ў Брытанію.
Навукоўцы маюць даволі шмат матэрыялаў з рымскай Брытаніі, уключаючы лісты салдат, якія служылі тут. Яны амаль усе на лаціне, але трапляюцца і асобныя кельцкія словы.
Асноўная частка матэрыялаў адносіцца да рымскай эпохі ў Брытаніі, з I па IV стагоддзе нашай эры, і да перыяду з сярэдзіны II стагоддзя нашай эры ў Ірландыі.
Іншай крыніцай з'яўляюцца надпісы на камянях у такіх мясцінах, як Корнуол і Ірландыя, у якіх выкарыстоўваецца агамічны алфавіт — сістэма прамых ліній, прызначаная для высікання на камені, метале, косці або дрэве.
Плануецца выпусціць электронную і друкаваную версіі слоўніка.