15 снежня 2025, панядзелак, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Лабковіч на волі: Безумоўна, цяпер адчуванне шчасця

3
Уладзімір Лабковіч на волі: Безумоўна, цяпер адчуванне шчасця

Праваабаронца распавёў пра сваё «турнэ».

13 снежня 2025 года на волю выйшаў праваабаронца «Вясны» Уладзімір Лабковіч. Юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», быў затрыманы ў ліпені 2021 года і асуджаны за праваабарончую дзейнасць на сем гадоў пазбаўлення волі. 14 снежня ён выступіў на прэс-канферэнцыі з удзелам вызваленых палітвязняў. «Вясна» публікуе яго першыя словы на волі.

Пра вызваленне і далейшыя планы

«Я наогул не ведаў, што мяне вызваляць. За амаль пяць гадоў пазбаўлення волі я змяніў шмат месцаў. У мяне было, напэўна, адно з самых вялікіх «турнэ». Як яны казалі: «Ты ж праваабаронца, ты павінен паглядзець на ўсё». Таму яны павозілі мяне па розных турмах, я сапраўды на ўсё паглядзеў. Таму я думаў, што гэта чарговая паездка гэтага «турнэ», мяне ўжо так вазілі ў машыне, калі я не мог нічога бачыць. У верасні 2025 года мяне так перавозілі з магілёўскай турмы ў СІЗА КДБ. Я падумаў, што гэта чарговая паездка. Але калі я ўбачыў, што мы едзем доўга — тады ў мяне, можа, упершыню з’явілася надзея. Потым, у аўтобусе, калі наш рух зрабілі больш свабодным, я ўбачыў чалавека ў грамадзянскім адзенні, які здымаў нас на тэлефон. І ён мне ўвесь час казаў: «Чаму вы не ўсміхаецеся?», а я падумаў, што яны ўжо зусім абнаглелі — навошта здымаць і ўстрайваць гэтую клоўнаду. І відаць было, што чалавек таксама разгубіўся: ён хацеў ад нас нейкіх пазітыўных эмоцый, а ўсе такія злыя. А аказалася, што гэта быў супрацоўнік украінскага боку, які аказваў нам усю дапамогу. Неяк мне нават стала сорамна перад ім, што мы яго не віталі. І толькі калі на будынку быў бачны герб Украіны, я зразумеў, дзе мы. І сапраўды, вялікі дзякуй, я рады, што мы ва Украіне.

Безумоўна, цяпер адчуванне шчасця. Напэўна, жонка мая будзе лаяцца: я ёй не першай патэлефанаваў. Першым я патэлефанаваў Беляцкаму, які сказаў, што вось, пяць гадоў адпачылі — цяпер трэба працаваць. Другім я патэлефанаваў жонцы, пагаварыў з дзецьмі — гэта вельмі хвалюючы момант. Я бачыў сваю дачку, калі ёй было толькі 13 гадоў, я ні разу не бачыў дачку за гэты час — толькі на некалькіх фатаграфіях, якія мне прыходзілі. Праз тыдзень ёй 18. Гэта цяжкі і вельмі хвалюючы момант. Я атрымаў ад жонкі ліст, што, аказваецца, нашы хлопчыкі яшчэ вераць у Санта-Клаўса, таму нельга падвесці.

Раніцай я адчуў сорам, бо прачнуўся — было цяплейка на матрацы, які я даўно не бачыў, такая ўвага вакол мяне. І я злавіў сябе на думцы пра тое, што адбываецца з усімі тымі людзьмі, з якімі я шмат што прайшоў і якія цяпер засталіся там... Насамрэч, самае важнае для нас усіх — каб як мага хутчэй яны таксама змаглі правесці такую прэс-канферэнцыю. І вельмі важны момант, пра які мы не павінны забываць: каб гэты працэс рэпрэсій у прынцыпе быў спынены, нам трэба давесці сітуацыю да таго, каб увогуле не было пагрозы з’яўлення новых палітвязняў у Беларусі. Бо гэты працэс можа быць бясконцым: мы вызвалім тысячу, дзве — і, здавалася б, на сайце «Вясны» можна будзе закрыць «рубрыку» палітычных зняволеных Беларусі, а праз паўгадзіны зноў адкрыць, бо з’явіліся новыя.

Мы не ведаем, што будзе з намі далей. Сёння выхадны. Мы вельмі спадзяёмся, што назад нас не аддадуць, таму цяпер — толькі наперад! Думаю, мы далей зможам нейкім чынам натуралізавацца, мець дакументы і юрыдычны статус і працягваць сваю дзейнасць».

Пра Мікалая Статкевіча

«Мы шмат чаго не ведаем, ведаем адно: ён быў у групе вызваленых у верасні 2025 года і адмовіўся выехаць з Беларусі. Як мы ведаем, ён знаходзіцца ў месцах зняволення, ён не на волі, яму не дазволілі жыць у Беларусі. На жаль, ён і далей, безумоўна, застаецца палітвязнем».

Пра Андрэя Пачобута

«Сапраўды, Андрэй заслугоўвае гэтую прэмію — Сахарава. Ён знаходзіцца ў Наваполацку ў калоніі № 1. Увесь час ён у ПКТ — гэта такі турэмны рэжым унутры калоніі, складанейшы, чым турэмны. Прынамсі на верасень у яго было добрае здароўе. Ён у парадку і вельмі пазітыўны. Вялікі дзякуй польскаму боку, які прыкладае ўсе намаганні, каб ён, як і іншыя, як мага хутчэй быў вызвалены».

Пра дакументы

«Усе, хто тут прысутнічае, не маюць пашпартоў. Не ўсе з нашай вызваленай групы... Адбылася пэўная селекцыя. Чым думалі супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў, якія арганізоўвалі гэтую спецаперацыю, я не ведаю. Прынамсі ў мяне і калег па прэс-канферэнцыі няма пашпартоў. Нам выдалі такую даведку пра вызваленне: аркуш паперы фармату А4, дзе наша фатаграфія, даведка, што мы вызваляемся, і нашы пашпартныя даныя».

Пра Украіну

«Мы вельмі ўдзячныя ўкраінскаму боку за тое, што ён прыняў нас без дакументаў. Мы вельмі ўдзячныя за арганізацыю нашай дастаўкі, прынамсі з украінскага боку: гэта было максімальна душэўна, камфортна і вельмі гасцінна. Мы разумеем, што гэта сапраўды важна і цяжка ў тых умовах, у якіх цяпер знаходзіцца Украіна, з якой я, безумоўна, выказваю поўную салідарнасць. Я ў многіх месцах зняволення знаходзіўся, і там працэнтаў 80 — калі не 90 — аднагалосна падзяляюць боль Украіны і выказваюць аднагалосную пазіцыю адносна гэтай вайны.

Безумоўна, гуманітарная роля кіраўніцтва Украіны, Зяленскага, абсалютна відавочная. І за гэта вялікі дзякуй. Мы вельмі спадзяёмся, што гэты трэк працягнецца. Гэта цяпер самае важнае. І любая пазітыўная роля ўкраінскага боку надзвычай важная, і мы карыстаемся магчымасцю і просім, каб гэты працэс працягваўся. Нам усім цяпер трэба працаваць на гэты працэс, і наша сённяшняя размова — безумоўна, праца на гэты працэс.

Я б вельмі хацеў, каб вайна скончылася ўчора або пазаўчора. Яна павінна скончыцца як мага хутчэй. Гэта тое, чым людзі не павінны займацца, гэта недапушчальная рэч. Беларускіх добраахвотнікаў я ацэньваць не буду — гэта сапраўды маральны выбар, як вельмі правільна ўжо было сказана. Я пажадаю толькі застацца жывымі.

Хачу падкрэсліць, што ўсе ваенныя злачынствы павінны быць расследаваныя, а вінаватыя — пакараныя».

Пра палітвязняў

«Акрамя ўкраінскага народа, які, безумоўна, герой, яшчэ героі — тыя, хто застаўся. Не мы, а тыя, хто застаўся: тыя, хто сёння пайшоў на «промкі», у ШІЗА.

Учора быў вызвалены Алесь Беляцкі, яго даставілі ў Вільнюс, з ім усё добра — у мяне была магчымасць з ім пагаварыць. Таму людзі ехалі па-рознаму, была пэўная селекцыя. Але ў чым была хітрая задума беларускага ўрада — я не ведаю.

Я ведаў, што калі раптам мяне калі-небудзь вызваляць, усе мае запісы — у першую чаргу тэлефонныя кантакты — знікнуць. Таму ў мяне з дзясятак тэлефонаў у галаве, першае, што я зраблю — мне трэба тэрмінова патэлефанаваць родным і сваякам тых, хто яшчэ там, пагаварыць з імі. Гэта тое, што трэба зрабіць неадкладна».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках