Кансерватар Каст з трэцяй спробы перамог на выбарах прэзідэнта Чылі
- 15.12.2025, 9:49
- 1,242
Яго суперніцай была камуністка.
Ультраправы палітык, 59-гадовы Хасэ Антоніа Каст з Рэспубліканскай партыі заваяваў перамогу па выніках другога тура выбараў прэзідэнта Чылі. Як паведаміла ў нядзелю, 14 снежня, выбарчая камісія, пасля падліку 83% галасоў, яго падтрымалі каля 59% выбаршчыкаў, паведамляе «Нямецкая хваля».
Яго асноўная суперніца — сябра Камуністычнай партыі Чылі, кандыдатка ад кіруючага левацэнтрысцкага альянсу, 51-гадовая Жанэт Хара, — ужо прызнала паразу. Яна атрымала каля 41% галасоў і павіншавала апанента ў тэлефоннай размове.
Каст зойме прэзідэнцкую пасаду з трэцяй спробы. У перадвыбарчай кампаніі ён рабіў стаўку на жорсткія меры супраць злачыннасці і нелегальнай міграцыі.
Бацька Каста быў лейтэнантам вермахта і ўцёк з Германіі
Бацькі Каста — Майкл Каст Шындэле і Альга Рыст Хагшпіль — родам з Баварыі. Бацька быў лейтэнантам вермахта і членам Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі, які ўцёк у Чылі падчас дэнацыфікацыі Германіі ў 1950 годзе.
Выступаючы з прамовай пасля першага тура, Каст заявіў: «Мы адновім нашу радзіму». Бацька дзевяці дзяцей і перакананы католік — ён ужо паабяцаў дэпартаваць сотні тысяч нелегальных мігрантаў, пераважна венесуэльцаў.
Першы ультраправы прэзідэнт з часоў Піначэта
Хасэ Антоніа Каст стане першым прадстаўніком ультраправых сіл на пасадзе прэзідэнта Чылі з часоў дыктатуры Аўгуста Піначэта у 1973–1990 гадах.
Каст нарадзіўся ў Сант’яга, вывучаў права ў мясцовым каталіцкім універсітэце і займаецца палітыкай ужо 30 гадоў, нагадала агенцтва AFP. У ходзе сваёй палітычнай кар’еры ён, у прыватнасці, выступаў за забарону абортаў, а таксама супраць экстраннай кантрацэпцыі, разводаў, аднаполых шлюбаў і эўтаназіі.