«Хочацца біцца галавой аб сцяну»
3- 15.12.2025, 15:07
- 3,712
Рэкрутарка назвала памылкі на сумоўі, якія перашкаджаюць знайсці працу.
«Часам пасля сумоўяў хочацца біцца галавой аб сцяну — такія трапляюцца кадры», — жаліцца ў LinkedIn Ірына Вішнеўская, якая 17 гадоў працуе рэкрутаркай у сферы ІТ. Яна патлумачыла, якія дробязі на сумоўі могуць «адвернуць» кампанію нават ад тэхнічна падкаванага кандыдата. Увагу на пост Вішнеўскай у сацсетках звярнула выданне devby.
Паводле слоў Вішнеўскай, за апошні час яна правяла нямала сумоўяў: бывалі тыдні, калі іх было па 5–7 у дзень. І яна заўважыла, што многія з іх былі «вельмі дзіўныя», хаця як спецыялістка яна «максімальна шукае ў людзях добрае».
— [Напрыклад] я распавядаю пра каманду і згадваю, што кіраўніца аддзела — жанчына. І чую ад кандыдата: «Гэта дрэнна». Што? — абураецца Вішнеўская. — [Іншы выпадак:] на сумоўі кандыдат пытаецца ў мяне, ці шмат у камандзе жанчын, бо калі жанчын шмат — яму давядзецца рабіць працу за іх. А я ведаю гэтую каманду, там дзяўчаты працуюць як коні і робяць фантастычныя вынікі.
Трэці выпадак, які ўспомніла Вішнеўская, — калі кандыдат на пасаду сказаў ёй у твар: «На сваім узроўні вы не здольныя зразумець, чым я займаўся». Гэта, зыходзячы з поста рэкрутаркі, таксама ўспрымаецца не інакш як сексізм і не выклікае жадання наймаць такога чалавека.
Праблема, на думку Вішнеўскай, у тым, што многія вераць: на сумоўі павінны ацэньвацца толькі прафесійныя якасці — у прыватнасці, напрыклад, тэхнічная падкаванасць, калі гаворка пра распрацоўніка. Але гэта далёка не так, бо знайсці працу, выяўляючы зашкальваючы ўзровень канфліктнасці або сексісцкія погляды, будзе складана, перакананая спецыялістка.
— Я шчыра не магу зразумець, ці гэта настолькі апошнімі гадамі выжглі ў нас чалавечае, дзелавое, ветлівае, ці проста людзі па нейкай прычыне вырашылі, што можна праяўляць агрэсію, хаміць і пры гэтым лічыць, што свет да іх несправядлівы? — задаецца пытаннем беларуска.