Некаторыя аўтобусы паедуць з Беларусі ў Польшчу па-новаму
- 15.12.2025, 16:09
- 4,622
Ужо з заўтрашняга дня.
Ужо заўтра, 16 снежня, частку міжнародных аўтобусаў у Польшчу, якія пакуль што могуць ездзіць праз «Брэст», перанакіруюць у «Бераставіцу» для аптымізацыі нагрузкі на пункты пропуску, паведамляе abw.by са спасылкай на Транспартную інспекцыю.
У ТІ нагадалі, што 17 лістапада Польшча адкрыла два пункты пропуску: «Кузніца Беластоцкая» («Брузгі») — для легкавых аўтамабіляў, «Баброўнікі» («Бераставіца») — для легкавікоў, грузавікоў і аўтобусаў. У сувязі з гэтым у ТІ паступіў ліст Мінтранса ад 27 лістапада, у якім гаворыцца, што для размеркавання нагрузкі на пункты пропуску дазваляецца выконваць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах у наступным парадку:
- да 15 снежня 2025 г. пры наяўнасці ў перавозчыкаў дазволаў праз АПП «Брузгі» або «Бераставіца» — праз АПП «Брэст» і «Бераставіца»;
- з 16 снежня 2025 г. пры наяўнасці ў перавозчыкаў дазволаў праз АПП «Брузгі» або «Бераставіца» — выключна праз АПП «Бераставіца».
Перавозчыкі: пасажыры могуць выбіраць, праз які пункт пропуску ехаць
У сэрвісе па браніраванні квіткоў «Атлас» расказалі, што глабальных змен у раскладзе і маршруце рэйсаў не адбудзецца.
«Некаторыя крыніцы паспяшаліся напісаць, што з 16 снежня аўтобусы і зусім перастануць перасякаць беларуска-польскую мяжу ў Брэсце. Гэта не так! Удавацца ў падрабязнасці не будзем, толькі адзначым, што перавозчыкі загадзя перабудаваліся.
Сітуацыя выглядае так: тыя перавозчыкі, у якіх ёсць (былі) дазволы на «Брузгі» або «Бераставіцу», больш не змогуць ездзіць праз «Брэст», а тыя, у каго маршруты першапачаткова былі праз «Брэст», працягнуць», — адзначылі ў сэрвісе па браніраванні квіткоў «Атлас».
А што для пасажыраў? Маршруты і расклад руху аўтобусаў, якія ідуць з Беларусі ў Польшчу або назад, пасля 16 снежня застаюцца ранейшымі. Падчас паездкі з Мінска ў Варшаву можна выбіраць, праз які пункт пропуску ехаць.
Якая сітуацыя на мяжы? Раніцай 15 снежня на выезд з Беларусі ў ПП «Бераставіца» стаіць 220 грузавікоў, чаргаў аўтобусаў і легкавікоў няма. У ПП «Брэст» знаходзіцца 15 легкавікоў, аўтобусаў няма.