Алесь Бяляцкі распавёў, як даведаўся пра Нобелеўскую прэмію
6- 15.12.2025, 20:44
- 6,854
Вязень рэжыму Лукашэнкі тады знаходзіўся ў СІЗА.
Вязень рэжыму Лукашэнкі Алесь Бяляцкі распавёў у інтэрв'ю DW, як даведаўся ў СІЗА пра Нобелеўскую прэмію.
«Я даведаўся пра гэта ў калідоры СІЗА ад іншых зняволеных, якія стаялі і казалі, што «быццам бы табе далі Нобелеўскую прэмію». Праз некалькі хвілін, калі я сустрэўся з адвакаткай, яна сапраўды пацвердзіла гэтую навіну. І гэта было для мяне абсалютна нечакана. Хоць я быў у гэтым спісе намінантаў на Нобелеўскую прэмію, якіх штогод там звычайна больш за 200 чалавек. Не адзін раз я ў гэтым спісе быў, але шанцы заўсёды былі вельмі малыя, улічваючы і колькасць людзей, і тыя праблемы, якімі яны займаюцца.
Насамрэч атрымаць Нобелеўскую прэмію было амаль немагчыма. Я заўсёды ставіўся да гэтага вельмі спакойна, як да чагосьці, чаго, па сутнасці, ніколі не будзе. І калі гэта адбылося, я быў проста ў шоку. Спачатку я не паверыў. Гэтага не можа быць!»
Ён адзначыў, што прэмію далі «за той гераізм, я б сказаў, масавы гераізм, які праяўлялі беларусы падчас тых масавых акцый 2020 года, за імкненне да свабоды, справядлівасці, якое выказалі мільёны беларусаў». А тое, што яе падзялілі паміж прадстаўнікамі беларускага, украінскага і расійскага грамадзянскага грамадства, падкрэслівае кантэкст вайны, у якім мы знаходзімся.
Экс-палітвязень таксама распавёў, ці звязаўся з ім ужо Нобелеўскі камітэт.
«Яны зрабілі сваю заяву, і мы павінны звязацца з імі самі ў самы бліжэйшы час. Я вельмі ўдзячны Нобелеўскаму камітэту за гэтую прэмію, за тое, што яны не забывалі пра мяне і пра маю сям'ю. Усе гэтыя тры гады, пакуль я знаходзіўся ў зняволенні», — сказаў Алесь Бяляцкі.