Bloomberg: Беларусь не зможа павялічыць пастаўкі калію ў ЗША без страт на іншых рынках
1- 16.12.2025, 10:26
- 4,426
Еўрапейскія санкцыі будуць пашыраныя.
Нягледзячы на тое, што эксперты выказваюць меркаванне пра магчымасць для Беларусі пасля зняцця санкцый ЗША пастаўляць калій на амерыканскі рынак, фактычна ў краіны такой магчымасці можа і не быць. Прынамсі без страт на іншых рынках. Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Невялікую долю беларускіх паставак на рынак ЗША лёгка замянілі пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, сказаў Джош Лінвіл, віцэ-прэзідэнт па пытаннях угнаенняў у StoneX Group. Праўда, імпарт угнаенняў у Штаты з Канады, якая з’яўляецца асноўным пастаўшчыком, можа апынуцца пад пагрозай, калі Дональд Трамп выканае абяцанне ўвесці мытныя пошліны на іх.
І хоць Беларусь можа паспрабаваць вярнуцца на амерыканскі рынак, многае залежыць ад лагістыкі паставак. Санкцыі Еўрапейскага саюза застаюцца ў сіле, таму Беларусі надалей давядзецца абапірацца на расійскія парты і чыгунку ў Кітай. Зняцце санкцый ЗША «спрасціць закулісную частку гандлю», такую як страхаванне і крэдытаванне, але лагістычныя цяжкасці застаюцца, заявіла аналітык Bloomberg Intelligence Алексіс Максвел.
Акрамя таго, паводле дадзеных Bloomberg Intelligence, экспарт калію з Беларусі летась склаў 88% ад дасанкцыйнага ўзроўню. І любое павелічэнне паставак у ЗША можа прымусіць Беларусь скараціць продажы на іншых рынках, адзначыў Алан Пікет, кіраўнік аналізу рынку ўгнаенняў у S&P Global Energy.
«Паколькі яны практычна вярнулі сабе долю на сусветным рынку, гэта азначае, што калі яны будуць пастаўляць больш у ЗША, то, верагодна, будуць пастаўляць менш у іншыя рэгіёны. Баланс істотна не змяняецца, а значыць, уплыў на сусветныя цэны застаецца нязначным», — сказаў ён.
Па выніках перамоў са спецпасланнікам прэзідэнта Злучаных Штатаў Джонам Коўлам Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб «памілаванні» 123 палітычных зняволеных. Усяго вызвалены 156 грамадзян розных краін. У адказ ЗША заявілі, што здымаюць санкцыі з беларускага калію. Праўда, як высветлілася, санкцыі зняты не цалкам.
Аднак Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла, што ў Еўрапейскім саюзе не вядуцца ніякія абмеркаванні наконт адмены санкцый супраць Беларусі, нягледзячы на рашэнне ЗША адмяніць абмежаванні супраць беларускіх калійных угнаенняў. Больш за тое, еўрапейскія санкцыі супраць Беларусі нават будуць пашыраныя.