16 снежня 2025, aўторак, 15:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы раскрылі сакрэт здароўя італьянскіх доўгажыхароў

1
Навукоўцы раскрылі сакрэт здароўя італьянскіх доўгажыхароў

Усё ў генах.

Навукоўцы выявілі, што сакрэт даўгалецця італьянскіх доўгажыхароў можа быць звязаны не толькі з ладам жыцця і сярэдземнаморскай дыетай, але і са старажытнай генетычнай спадчынай паляўнічых-збіральнікаў. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе GeroScience.

Міжнародная каманда прааналізавала геномы 333 італьянцаў, якія дажылі да 100 гадоў і старэй, і параўнала іх з ДНК 690 здаровых людзей з розных рэгіёнаў Італіі. Атрыманыя даныя супаставілі з 103 старажытнымі геномамі, якія адлюстроўваюць асноўныя хвалі засялення Еўропы за апошнія 20 тысяч гадоў — ад мезалітычных паляўнічых-збіральнікаў да неалітычных земляробаў і жывёлагадоўцаў бронзавага веку.

Аналіз паказаў, што ў доўгажыхароў значна часцей сустракаецца генетычнае паходжанне ад заходнееўрапейскіх паляўнічых-збіральнікаў (WHG), якія насялялі Еўропу пасля апошняга ледавіковага перыяду. Доля гэтай старажытнай спадчыны ў людзей старэйшых за 100 гадоў аказалася вышэйшай, чым навукоўцы чакалі выявіць у сучаснай італьянскай папуляцыі. Ніводная іншая старажытная генетычная лінія не дэманстравала такой жа ўстойлівай сувязі з даўгалеццем.

Акрамя таго, ў доўгажыхароў было выяўлена больш мутацый, характэрных менавіта для WHG-паходжання. Гэта сведчыць пра магчымую ролю гэтых генетычных варыянтаў у абароне ад узроставых захворванняў.

Аўтары падкрэсліваюць, што працягласць жыцця фарміруецца спалучэннем генетыкі і ладу жыцця, і знойдзеная сувязь не азначае прамой «гарантыі» даўгалецця. Аднак даследчыкі мяркуюць, што ў паляўнічых-збіральнікаў актыўнасць запаленчых генаў была ніжэйшая, чым у пазнейшых неалітычных земляробаў. У сучасных умовах менавіта хранічнае запаленне лічыцца адным з ключавых фактараў старэння.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках