ЕС узгадніў прававую аснову для фінансавання абароны крытычнай энергетычнай інфраструктуры
1- 16.12.2025, 12:44
- 1,076
Міністр энергетыкі Літвы раскрыў падрабязнасці.
Дасягнута дамоўленасць аб прававой аснове, згодна з якой абарона крытычнай энергетычнай інфраструктуры дзяржаў — членаў супольнасці будзе фінансавацца за кошт сродкаў Еўрапейскага саюза (ЕС), сцвярджае міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчюнас, піша delfi.lt.
«Прыемна, што сёння былі ўсталяваныя кіраўнічыя прынцыпы і створана прававая аснова, каб Еўрапейскі саюз мог фінансаваць крытычную энергетычную інфраструктуру і яе абарону. Вядома, гэта толькі першыя крокі, але прыемна, што Рада ўхваліла агульны падыход да рэгламенту CEF (Фонду Еўрапейскіх інфраструктурных сетак)», – указвае міністр у паведамленні, апублікаваным на яго старонцы ў Facebook пасля пасяджэння Рады ЕС па энергетыцы ў панядзелак.
На пасяджэнні Рады ЕС па энергетыцы міністры ўзгаднілі прапанову па Фонду Еўрапейскіх інфраструктурных сетак, праз які фарміруецца прававая аснова для інвестыцый у транс’еўрапейскія энергетычныя і транспартныя сеткі ў 2028–2034 гадах.
«У наступным годзе, вядома, чакае шмат працы па канкрэтызацыі гэтых палажэнняў і ўвасабленні ідэяў у рэальнасць. Веру, што крытычная энергетычная інфраструктура і яе абарона — гэта інтарэс усяго Еўрапейскага саюза, мы актыўна працуем над гэтым і рыхтуем як прававую, так і практычную аснову для еўрапейскага фінансавання», – сказаў Вайчюнас.
Раней паведамлялася, што галоўнымі прыярытэтамі Літвы ў перамовах па шматгадовым бюджэце ЕС з’яўляюцца павелічэнне фінансавання развіцця трансгранічнай інфраструктуры, інвестыцыі ў праекты вайсковай мабільнасці і ўзмацненне энергетычнай бяспекі.
У ліпені Еўрапейская камісія (ЕК) прадставіла праект доўгатэрміновага бюджэту супольнасці на 2028–2034 гады, перамовы па якім вядуцца ў Бруселі. Плануецца, што будучы бюджэт ЕС дасягне амаль 2 трлн еўра.