Прадстаўлены першы ў свеце камп'ютар, распрацаваны штучным інтэлектам
4- 16.12.2025, 22:36
- 2,628
Сістэму ўдалося запусціць з першай спробы.
Каліфарнійскі стартап Quilter прадставіў праект Project Speedrun, які называе першым у свеце камп'ютарам, распрацаваным штучным інтэлектам.
Сістэму стварылі ў найкарацейшыя тэрміны — усяго за тыдзень, піша партал ixbt.com.
Кампанія, што працавала над праектам, яшчэ маладая. Аднак, як адзначаюць спецыялісты ў галіне, ёй удалося прадэманстраваць прарыў у праектаванні апаратнага забеспячэння з дапамогай ШІ.
Навінка ўяўляе сабой двухплатны ПК. Ён створаны з нуля пры дапамозе ШІ Quilter. Усяго ў ім 843 кампаненты.
Пры гэтым сістэму ўдалося запусціць з першай спробы. Таксама паведамляецца, што яна пакуль працуе без ніводнай памылкі.
У аснове ПК — працэсар NXP i.MX 8M Mini Quad. Маецца 2 ГБ аператыўнай памяці і 32 ГБ флэш-памяці, ёсць слот для SSD M.2 і нават поўнацэнныя парты USB і RJ45.
Але характарыстыкі, хутчэй, маюць другаснае значэнне. Першапачаткова мэта была паказаць, што такі праект увогуле магчыма рэалізаваць.
Адзначаецца, што ПК стварылі ўсяго за адзін тыдзень апрацоўкі дадзеных з дапамогай ШІ. Праўда, не абышлося і без фактычнай чалавечай працы: далучаліся інжынеры, якія кантралявалі працэс. На ўсё ў іх пайшло каля 39 гадзін.
Стваральнікі падкрэсліваюць, што без ШІ на такі праект кваліфікаваны інжынер выдаткаваў бы каля 3 месяцаў (прыблізна 430 гадзін працы).