У Польшчы прагназуюць ад’езд да 650 тысяч украінцаў
- 16.12.2025, 23:20
- 5,344
Даследаванне.
Каля 650 тысяч грамадзян\u0430\u045e Украіны, якія зараз працуюць у Польшчы, у перспектыве могуць пакінуць гэтую краіну. Такі высновак змяшчаецца ў новым даследаванні Польскага эканамічнага інстытута (PIE), якое апублікавала выданне Rzeczpospolita у аўторак, 16 снежня.
Аналітыкі высветлілі, што для большасці ўкраінцаў, якія знаходзяцца ў Польшчы, ключавымі фактарамі застаюцца законны статус прабывання, стабільная занятасць і канкурэнтаздольная аплата працы. У той жа час сацыяльная дапамога і ўзровень інтэграцыі ў польскае грамадства адыгрываюць другасную ролю пры прыняцці рашэнняў.
У PIE падкрэсліваюць, што ўкраінскую супольнасць у Польшчы нельга звужаць толькі да падзелу на даваенных мігрантаў і ўцекачоў пасля 2022 года. Даследчыкі вылучылі чатыры сацыяльныя групы, якія істотна адрозніваюцца паміж сабой.
Найбольш шматлікай з’яўляецца група «Госці», яна ахоплівае каля 39% украінцаў. Гэта пераважна мужчыны, занятыя на простых або сярэднекваліфікаваных працах. Большасць з іх прыбылі ў Польшчу ўжо пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.
Другая па велічыні — катэгорыя «Падарожніцы» (30%). Ідзе гаворка галоўным чынам пра маладых жанчын, якія працуюць у сферы паслуг, медыцыне, адукацыі або гандлі. Яны адкрытыя да новага досведу, аднак часта разглядаюць знаходжанне ў Польшчы як часовае і плануюць вяртанне ва Украіну.
Яшчэ 16% складаюць так званыя «Прышэльцы», людзі без пастаяннай працы. Частка з іх актыўна шукае працу, іншыя часова не працуюць. Гэта пераважна жанчыны, што жывуць у Польшчы да чатырох гадоў і не маюць выразна вызначаных планаў на будучыню.
Найменшую групу — 15% — складаюць «Асаднікі». Гэта ўкраінцы, галоўным чынам мужчыны, якія жывуць у Польшчы больш за чатыры гады, валодаюць мовай, маюць стабільную працу і добра інтэграваліся. Менавіта яны часцей за ўсё разглядаюць Польшчу як краіну для доўгатэрміновага пражывання.
Паводле ацэнак PIE, у Польшчы легальна знаходзіцца больш за 1,5 мільёна ўкраінцаў. Амаль 964 тысячы з іх маюць статус PESEL UKR, які пацвярджае часовую абарону. Яшчэ каля 482 тысяч атрымалі дазвол на часовае пражыванне, а амаль 58 тысяч — на пастаяннае.
Акрамя таго, 854 тысячы ўкраінцаў плацяць узносы ў сістэму сацыяльнага страхавання ZUS, што складае прыкладна 5% усіх застрахаваных у Польшчы. У польскіх школах вучацца амаль 300 тысяч украінскіх дзяцей, а яшчэ больш за 47 тысяч грамадзян\u0430\u045e Украіны атрымліваюць вышэйшую адукацыю.
Суаўтар даследавання Чэзары Пшыбіль адзначае, што ўкраінцы звычайна даволі хутка знаходзяць працу — узровень занятасці сярод іх дасягае 75–85%. Аднак сам факт працаўладкавання не гарантуе жадання застацца ў краіне надоўга. Вызначальнымі становяцца сацыяльныя сувязі, пачуццё прыналежнасці і асабістае стаўленне да Польшчы.
Даследаванне таксама паказала, што ўзровень інтэграцыі не заўсёды наўпрост звязаны з планамі на будучыню. Нават добра інтэграваныя ўкраінцы могуць прыняць рашэнне аб ад’ездзе, тады як менш адаптаваныя часам застаюцца праз адсутнасць альтэрнатываў.
Паводле прагнозаў PIE, польскі рынак працы патэнцыйна могуць пакінуць каля 300 тысяч «Гасцей» і прыблізна 285 тысяч «Падарожніц». У той жа час амаль 40% дарослых украінцаў маюць высокую або вельмі высокую верагоднасць застацца ў Польшчы на пастаяннай аснове — у прыватнасці тыя, хто плануе атрымаць грамадзянства або адчувае эмацыйную сувязь з краінай.
У Польскім эканамічным інстытуце адзначаюць: рашэнне застацца або з’ехаць — гэта перадусім псіхалагічны і эмацыйны выбар, а не толькі пытанне даходаў. Паводле вынікаў даследавання, пачуццё сувязі з краінай уплывае на гэтае рашэнне ўчатыры мацней, чым эканамічныя фактары.