Названы лепшы гулец 2025 года па версіі ФІФА
- 17.12.2025, 1:16
Ім стаў нападнік «ПСЖ».
Нападнік зборнай Францыі і «ПСЖ» Усман Дэмбеле прызнаны лепшым футбалістам 2025 года па версіі Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА).
У складзе парыжскага клуба Дэмбеле выйграў пяць трафеяў за апошні час: чэмпіянат Францыі, Кубак краіны, Суперкубак, Лігу чэмпіёнаў, а таксама дайшоў да фіналу клубнага чэмпіянату свету. У Лізе нацый зборная Францыі стала ўладальніцай бронзавых медалёў.
У мінулым сезоне-2024/25 французскі футбаліст, якому 28 гадоў, правёў 53 матчы ва ўсіх турнірах і адзначыўся 35 галамі і 16 галявымі перадачамі.
Дэмбеле заваяваў «Залаты мяч» у 2025 годзе, гэта ўзнагарода стала для яго першай у кар’еры. Ён набраў 1380 ачкоў. На другой пазіцыі апынуўся вінгер «Барселоны» Ламін Ямаль, які зарабіў 1059 ачкоў. Тройку лідараў замкнуў паўабаронца «ПСЖ» Віцінья з 703 ачкамі.
У бягучым сезоне «ПСЖ» ідзе на другім месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату Францыі, саступаючы толькі «Лансу», і займае трэцяе месца ў агульнай табліцы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў.