Мінчуку патэлефанавалі са службы дастаўкі Wildberries наконт тавару, які ён не набываў
8- 17.12.2025, 10:57
- 5,886
Вынік — мінус 8,5 тысячы рублёў.
Сталічны пенсіянер стаў ахвярай тэлефонных махляроў, якія прадставіліся работнікамі службы дастаўкі Wildberries. Падрабязнасці схемы расказалі ў МУС, перадае «Зеркало».
67-гадоваму мужчыну патэлефанаваў незнаёмец. Ён прадставіўся супрацоўнікам службы дастаўкі маркетплэйса Wildberries і паведаміў, што на яго імя аформлены і аплачаны заказ. Для яго атрымання заяўніку прапанавалі назваць код, які прыйшоў у СМС.
Пазней з пенсіянерам звязаўся нібыта праваахоўнік. Ён паведаміў, што персанальныя даныя мінчука выкарыстоўваюцца махлярамі. Пад пагрозай крымінальнага пераследу яго ўгаварылі «задэклараваць» каля 8500 рублёў у эквіваленце. Гэтую суму ён перадаў 18-гадовай дзяўчыне‑кур’еру, якая сама раней стала ахвярай тэлефонных махляроў.
«Ёй патэлефанавалі на хатні тэлефон пад выглядам замены дамофона, пасля чаго падманным шляхам атрымалі код пацвярджэння, які прыйшоў. Пад пагрозай вобшуку ў кватэры дзяўчына пагадзілася выконваць заданні куратараў — забрала грошы ў пенсіянера і перадала невядомаму», — паведамілі ў МУС.
Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.