Расійскія ІТ-кампаніі пачалі масава банкрутаваць
- 17.12.2025, 11:43
- 3,076
Бурбалка «імпартазамяшчэння» здулася.
У Расіі рэзка ўзрасла колькасць ІТ-кампаній, што запусцілі працэдуру банкруцтва: у студзені—лістападзе 2025 года пра сваю няплатаздольнасць заявілі 630 арганізацый, што на 28% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Гэта вынікае з падлікаў сэрвісу праверкі кантрагентаў Rusprofile, з якімі азнаёміліся «Известия». Аналітыкі адзначылі, што ў 2022 годзе на фоне сыходу замежных вендэраў і рэзкага росту попыту на імпартазамяшчэнне ў краіне было зарэгістравана 37,9 тыс. новых ІТ-арганізацый, але цяпер працягваюць працаваць толькі каля 20,6 тыс.
У цэлым падчас аналізу ўлічваліся кампаніі і індывідуальныя прадпрымальнікі, у якіх пры рэгістрацыі былі ўказаныя коды ОКВЭД 26 («Вытворчасць камп'ютараў, электронных і аптычных вырабаў») і ўсе яго падкатэгорыі: 62 («Распрацоўка камп'ютарнага праграмнага забеспячэння, кансультацыйныя паслугі ў гэтай галіне і іншыя спадарожныя паслугі») і 63 («Дзейнасць у галіне інфармацыйных тэхналогій»). У Мінцыфры не пагадзіліся з данымі Rusprofile. Згодна са статыстыкай ведамства, у 2025 годзе ў Расіі было ліквідавана каля 150 ІТ-кампаній. Аднак, як адзначылі аналітыкі Rusprofile, міністэрства вядзе ўлік па ўласным рэестры, акрэдытацыя ў якім носіць добраахвотны характар.
Павелічэнне колькасці банкруцтваў звязана з ахаладжэннем перагрэтай у 2022–2024 гадах эканомікі, лічыць дырэктар «Абсалют Страхаванне» Уладзімір Дарожкін. «Вялікія заказчыкі замарозілі частку новых праектаў, пераразмяркоўваюць бюджэты і даводзяць да ладу ўжо набытыя рашэнні замест запуску новых. І, у большасці выпадкаў, імкнуцца карыстацца ўласнай кампетэнцыяй, то бок развіваць і падтрымліваць уласныя ІТ-рашэнні», — адзначыў Дарожкін.
Актыўная мадэрнізацыя ІТ-інфраструктуры, якой бізнес займаўся пасля сыходу замежных вендэраў у 2022 годзе, змянілася агульным рэжымам эканоміі, пацвердзіла партнёр вэб-інтэгратара ITECH Яўгенія Круглова. Паводле яе слоў, высокая ключавая стаўка ЦБ і нявыгадныя ўмовы крэдытавання фармуюць складаны эканамічны фон, вымушаючы кампаніі пераглядаць выдаткі, уключаючы бюджэты на інфармацыйныя тэхналогіі.
ІТ-бурбалка, сфармаваная ў 2022–2024 гадах, пачала здувацца, кажа партнёр ComNews Research Леанід Конік. Паводле яго слоў, «на піку хайпу» многія арганізацыі, што не мелі нічога агульнага з тэхналогіямі, акрэдытоўваліся як ІТ-кампаніі дзеля льгот. У 2025 годзе Федэральная падатковая служба (ФНС) пачала праяўляць цікавасць да вынікаў дзейнасці гэтых прадпрыемстваў. Конік таксама нагадаў, што з 2026 года пакет льгот для ІТ-кампаній істотна «пахуднее»: дэ-факта ў іх застанецца толькі нулявая стаўка ПДВ пры продажы праграмных прадуктаў. Таму ўладальнікі фіктыўных арганізацый, якія не збіраліся ствараць і ўкараняць айчынны софт, але карысталіся дзяржпадтрыманнем, аддаюць перавагу іх хутка ліквідаваць, — падсумаваў эксперт.