WSJ: Еўропа заклікае рыхтавацца да вайны пасля дзесяцігоддзяў міру
2- 17.12.2025, 21:03
- 3,398
Гэта здавалася немыслімым яшчэ некалькі гадоў таму.
Еўрапейскія лідары і сілавыя ведамствы ўсё часцей папярэджваюць насельніцтва пра магчымую ваенную пагрозу з боку Расіі — рыторыка, якая яшчэ дзесяць гадоў таму здавалася немыслімай. На фоне спробаў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа дасягнуць мірнага пагаднення па Украіне ў еўрапейскіх сталіцах расце трывога — кампраміс можа ўзмацніць пазіцыі Масквы і стварыць пагрозу ўжо для краін ЕС і НАТА, піша The Wall Street Journal (пераклад — сайт Charter97.org).
За апошнія тыдні прагучаў шэраг рэзанансных заяў. Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц параўнаў дзеянні Пуціна ва Украіне з палітыкай Гітлера ў 1938 годзе, папярэдзіўшы, што падзенне Украіны не спыніць далейшую экспансію. Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ заявіў, што «канфлікт ужо на парозе» і што Еўропа павінна быць гатовая да маштабаў вайны, якія перажывалі папярэднія пакаленні. Паводле яго слоў, Расія можа быць гатовая ўжыць сілу супраць НАТА цягам пяці гадоў.
Апасенні ўзмацняюцца праз нявызначанасць пазіцыі ЗША. У новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі Вашынгтона Расія ўпершыню за апошнія гады не названа прамым праціўнікам. Гэта кантрастуе з ацэнкамі еўрапейскіх спецслужбаў: кіраўніца брытанскай разведкі MI6 Блез Метрэвелі заявіла, што Масква будзе працягваць дэстабілізаваць Еўропу, пакуль яе не прымусяць змяніць курс.
Еўрапейскія чыноўнікі таксама кажуць пра «шэру зону» супрацьстаяння: дыверсіі, кібератакі, дэзінфармацыю і парушэнні паветранай прасторы. Германія і іншыя краіны абвінавачваюць Расію ў сабатажы крытычнай інфраструктуры і ўмяшанні ў выбары.
У адказ урады ўзмацняюць падрыхтоўку. Францыя і Германія абмяркоўваюць пашырэнне вайсковай службы, краіны ЕС нарошчваюць ваенныя бюджэты. Еўрапейскія чальцы НАТА дамовіліся павялічыць выдаткі на абарону да 3,5% ВУП да 2035 года, а Германія плануе ўкласці больш за трыльён долараў у армію і інфраструктуру.
Паводле слоў вайскоўцаў, галоўная задача цяпер — пераканаць грамадства, што захаванне міру патрабуе гатоўнасці да вайны.