Расійскія Арол, Растоў і Таганрог пагрузіліся ў цемру пасля ракетнага ўдару
11- 19.12.2025, 9:11
- 11,624
У расіян зніклі святло і цяпло.
У ноч на 19 снежня ў расійскім горадзе Арол Арлоўскай вобласці прагрымеў шэраг выбухаў, пасля чаго пачаліся перабоі з электразабеспячэннем і цяплом. Перад гэтым у рэгіёне абвясцілі ракетную небяспеку. Таксама выбухі гучаць у іншых рэгіёнах РФ, піша «Фокус».
Ракеты паразілі Арлоўскую цяплоэлектрацэнтраль (ЦЭЦ), якая з’яўляецца найбуйнейшай крыніцай генерацыі электраэнергіі і цяпла ў вобласці. Пра гэта паведамілі маніторынгавыя каналы.

Ракетную небяспеку ў Арле абвясцілі каля 01:30, пасля чаго ў горадзе прагрымеў шэраг выбухаў. У мясцовых пабліках распавялі, што жыхары скардзяцца на перабоі са святлом, а месцамі электразабеспячэнне знікла цалкам.
Таксама расіяне сцвярджаюць, што пасля выбухаў у дамах пачалі «моцна гудзець трубы». У сетцы паказалі кадры начной атакі на Арол.
Расійскія медыя пішуць, што ўсяго ў Арле відавочцы налічылі каля 5 моцных выбухаў. У адным з раёнаў горада таксама фіксуюць задымленне і пажар.
Афіцыйна расійскія ўлады на момант публікацыі не каментавалі атакі на Арол.
Варта адзначыць, што Арлоўская ЦЭЦ забяспечвае каля 40% патрэбаў Арлоўскай вобласці ў электраэнергіі і 65% — горада Арол у цяпле. Раней гэты аб’ект ужо атакавалі: у кастрычніку, як паведамілі ў ВМС Узброеных Сіл Украіны, па станцыі ўдарыла ракета «Нептун».
Атака на Расію ў ноч на 19 снежня: дзе яшчэ гучаць выбухі
Таксама ўначы выбухі прагрымелі ў расійскім Растове, які другі дзень запар знаходзіцца пад абстрэламі, а таксама ў горадзе Таганрог Растоўскай вобласці. Расійскія медыя пішуць, што ў Таганрогу прагрымела не менш за 10 выбухаў, відавочцы бачылі яркія ўспышкі на небе і чулі гул рухавікоў ад пралёту беспілотнікаў.
У сетцы паведамляюць, што ў Растове пасля выбухаў частка горада засталася без электразабеспячэння.
Маніторынгавыя каналы пішуць, што Растоў, верагодна, таксама быў атакаваны ракетамі.
Афіцыйна мясцовыя ўлады не каментавалі ўдары па Растове і Таганрогу.