Смерць Нікіты Мелкозёрава расследуецца як неўмыснае забойства
10- 22.12.2025, 20:01
- 13,524
Вядомы беларускі журналіст памёр у ноч на 21 снежня ў Варшаве.
Як стала вядома «Белсату», пракуратура пачала расследаванне смерці журналіста Нікіты Мелкозёрава паводле артыкула аб неўмысным забойстве. Такі артыкул ужываюць заўсёды, калі прычына смерці яшчэ не выяўленая.
Журналіст Нікіта Мелкозёраў памёр у ноч на 21 снежня ўдома ў Варшаве.
Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры польскай сталіцы Пётр Антоні Скіба паведаміў «Белсату», што сёння распачалося расследаванне справы аб неўмысным забойстве:
«Гэта традыцыйная фармулёўка, якая даецца ў сітуацыях, калі прычына смерці невядомая. Будзе праведзена ўскрыццё – мы не ведаем, калі дакладна, магчыма, гэта будзе яшчэ да Божага Нараджэння. Не выключаю, што паспеюць да Новага года».
Спікер пракуратуры адзначыў, што праваахоўныя органы будуць абнародоўваць толькі тыя звесткі ў гэтай справе, якія адпавядаюць інтарэсам сям’і памерлага:
«Цела на дадзены момант застаецца ва Установе судовай медыцыны Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта, і гэта ўстанова будзе выконваць ускрыццё. Улічваючы зацікаўленасць СМІ, мы будзем імкнуцца абнародоўваць звесткі, што не супярэчаць інтарэсам сям’і загінулага. Далейшыя працэсуальныя дзеянні залежаць ад вынікаў судова-медыцынскай экспертызы. Усё залежыць ад таго, што стане вядома пасля ўскрыцця».
Звычайна ўскрыццё праводзіцца цягам двух тыдняў. «Магчыма, вынікі з’явяцца раней. Мы ўжо званілі ў судмедэкспертызу з просьбай зрабіць усё як мага хутчэй», – сказаў Скіба.
Ён таксама паведаміў, што пакуль у сувязі са смерцю была апытаная толькі ўдава Нікіты і што галоўная версія следства цяпер – негвалтоўная смерць:
«На гэтым этапе мы ўлічваем, што смерць магла наступіць па натуральных прычынах, але ўсё гэта праверым шляхам паслядоўнага збору доказнага матэрыялу».
Нікіце Мелкозёраву было 37 гадоў. Ён аўтар і суаўтар праектаў «Жыццё-маліна», «Загляне сонца» і падкаста «Нешта будзе».