Сіноптыкі расказалі, адкуль у Мінску з’явіўся незвычайны снег
1- 23.12.2025, 9:51
- 1,796
Звычайна такая з’ява звязана з халоднымі, стабільнымі антыцыкланальнымі ўмовамі.
Нядаўна ў Мінску заўважылі так званы антрапагенны снег. У Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды патлумачылі яго паходжанне, паведамляе БЕЛТА.
Жыхары некаторых раёнаў сталіцы ў канцы лістапада і ў снежні маглі назіраць лакальныя беласнежныя краявіды. Такі снег, патлумачылі спецыялісты, мае тэхнагеннае паходжанне і можа ўтрымліваць забруджвальныя рэчывы.
«Антрапагенны, або індустрыяльны снег — зімовая з’ява, пры якой выкіды вадзяной пары, звычайна з прамысловай крыніцы, прыводзяць да лакальнага выпадзення снегу. Такі лакальны снег можа назірацца ў гарадах і пасёлках у залежнасці ад колькасці лішняй вадзяной пары і мясцовых метэаралагічных умоў, пры наяўнасці адпаведных антыцыкланальных умоў і паблізу пастаянных мясцовых крыніц вадзяной пары і забруджванняў паветра», — патлумачылі ў Белгідрамеце.
Звычайна такая з’ява звязана з халоднымі, стабільнымі антыцыкланальнымі ўмовамі.
«Пераважна тады, калі прыземны туман, які ўтрымліваецца інверсійным слаем, не змешваецца і становіцца перанасычаным вадзяной парай. У такіх умовах на ядрах кандэнсацыі, якімі служаць найдрабнейшыя ўзважаныя часціцы прамысловых забруджванняў — пыл, сажа, зола — адбываецца ўтварэнне зародкаў лёду і выпадзенне ападкаў у выглядзе дробнага снегу на абмежаванай тэрыторыі ў некалькі квадратных кіламетраў з падветранага боку», — расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Як асобную лакальную метэаралагічную з’яву індустрыяльны снег у Еўропе пачалі прызнаваць толькі ў апошнія дзесяцігоддзі.