Кітай увёў санкцыі супраць кампаній і фізічных асоб з ЗША
4- 26.12.2025, 19:22
- 1,630
Пекін адрэагаваў на пастаўкі ўзбраенняў Тайваню.
МЗС Кітая 26 снежня абвясціў пра ўвядзенне санкцый супраць 10 фізічных асоб і 20 амерыканскіх абаронных кампаній за продаж зброі Тайваню, паведамляе Reuters.
Паведамляецца, што ЗША нядаўна абвясцілі пра маштабны продаж зброі Тайваню, што, нібыта, «сур'ёзна парушае прынцып адзінага Кітая» і тры сумесныя кітайска-амерыканскія камюніке, а таксама «сур'ёзна падрывае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць КНР».
Пад кітайскія санкцыі, у прыватнасці, трапілі філіял Boeing у Сэнт-Луісе, Northrop Grumman Systems, L3 Harris Maritime Services.
Абмежаванні КНР прадугледжваюць замарожванне ўсіх актываў, якія амерыканскія кампаніі і асобы маюць у Кітаі, а таксама забараняюць кітайскім арганізацыям і асобам весці з імі бізнес.
У знешнепалітычным ведамстве КНР дадалі, што 10 асобам, якія знаходзяцца ў санкцыйным спісе Пекіна, таксама забаронены ўезд у Кітай.
Раней, 17 снежня, ЗША абвясцілі пра найбольшы ў гісторыі пакет узбраенняў для Тайваню на $11,1 млрд (ён уключае, у прыватнасці, HIMARS, артылерыю, супрацьтанкавыя ракеты Javelin, дроны Altius).
Як адзначыла агенцтва, гэта ўжо другі пакет паставак узбраенняў Тайваню, прыняты з моманту другога прыходу да ўлады ў ЗША прэзідэнта Дональда Трампа.
Узбраенне прадастаўляецца Тайваню на фоне ўзмацнення ваеннага і дыпламатычнага ціску з боку Кітая, падкрэсліла Reuters.