ЗСУ дыстанцыйна падарвалі нафтаправод «Дружба»
17- 3.12.2025, 13:14
- 26,606
Выбух прагрымеў на ўчастку нафтаправода Таганрог—Ліпецк.
Уначы на 1 снежня ў Расіі адбыўся выбух на ўчастку нафтаправода «Дружба», па якім РФ працягвае пастаўляць сваю нафту ў некаторыя краіны Еўропы, падсілкоўваючы свае фінансавыя і ваенныя магчымасці. Пра гэта паведамілі крыніцы NV у Галоўным упраўленні разведкі МА Украіны.
Паводле іх слоў, атака на нафтаправод была здзейсненая паблізу населенага пункта Казінскія Выселкі на ўчастку нафтаправода Таганрог—Ліпецк. Для знішчэння ўчастка нафтаправода выкарыстоўвалі выбухоўку з дыстанцыйным падрывам і дадатковыя гаручыя сумесі для дасягнення мацнейшага гарэння, падкрэслілі ў ГУР МА.
Мясцовыя жыхары пачулі магутны выбух і паведамілі пра гэта ў мясцовых суполках. У прыватнасці, сведкі адзначылі, што ў раёне Казінскіх Выселкаў чуўся грукат, які суправаджаўся яркімі ўспышкамі.
Суразмоўца ў ваеннай разведцы запэўніў, што расійская нафтавая сетка, як галоўная крыніца даходаў дзяржавы-агрэсара і фінансавання ВПК, будзе і далей «выбухаць і гарэць», пакуль вораг не пакіне спробаў атакаваць Украіну.