Камандзір войска Літвы: Магчыма, інфармацыя пра дрон з Беларусі - фэйк
5- 29.07.2025, 10:26
- 4,072
Правяраюцца ўсе версіі.
Інфармацыя пра дрон, які заляцеў у Літву, можа быць несапраўднай, сказаў камандзір Літвы Раймундас Вайкшнарас. Паводле ягоных слоў, правяраюцца ўсе магчымыя варыянты, уключаючы версію пра тое, што ніякі аб'ект у Літву не залятаў, піша Delfi.
«Правяраюцца і іншыя версіі - ці знаходзіцца дрон у Літве, а можа, гэта быў фэйк», — сказаў LRT 29 ліпеня Вайкшнарас. «Можа быць, ніякі аб'ект у Літву наогул не залятаў», - працягнуў ён.
Са слоў камандарма, відэа, якія ў сацыяльных сетках распаўсюджвалі 28 ліпеня, маглі быць знятыя ва Украіне. «Пакуль праводзіцца апытанне жыхароў, якія першымі ўбачылі, пачулі ці нешта заўважылі і паведамілі ў Адзіны Цэнтр дапамогі (...). На сённяшні дзень ствараецца ўражанне, што большасць нічога не бачыла, але нешта чула. А тое, што было пададзена ў выглядзе відэазапісаў, таксама досыць двухсэнсоўная інфармацыя, У нас ёсць падазрэнні, што відэа зроблена ва Украіне», — сказаў Вайкшнарас.
28 ліпеня раніцай літоўская паліцыя праінфармавала жыхароў Літвы аб тым, што з Беларусі прыляцеў беспілотнік нявызначанага тыпу. Міністарка абароны Літвы Давіле Шакаленэ той раніцай сказала, што не выключана, што гэта мог быць выпадковы дрон, які накіроўваўся ва Украіну. Паводле яе, такія інцыдэнты магчымыя і ў будучыні. МЗС запытаў інфармацыю аб тым, ці не можа гэты дрон быць баявым. Калі такая інфармацыя пацвердзіцца, то амбасадару Беларусі будзе ўручаная нота.
10 ліпеня ў Літву з Беларусі ўжо залятаў робат «Гербера». Са звестак службаў, ён не нясе ніякай небяспекі. Вядзецца расследаванне гэтага інцыдэнту.