У школах абавяжуць здаваць тэлефоны
15- 29.07.2025, 16:43
- 3,164
Плануецца, што школьнікі стануць здаваць смартфоны перад пачаткам урокаў і забіраць у канцы навучальнага дня.
З новага навучальнага года беларускіх школьнікаў чакаюць строгія правілы выкарыстання мабільных тэлефонаў. Падчас заняткаў гаджэты будуць пад забаронай.
Старшыня камітэта адукацыі Менгарвыканкама Марына Ільіна ў эфіры праўладнага тэлеканала СТБ адзначыла, што гаджэты будуць захоўвацца ў спецыяльна адведзеным месцы.
Паводле ейных слоў, сучасныя дзеці занадта пагружаныя ў віртуальны свет, пастаянна выкарыстоўваюць тэлефоны не толькі для пошуку інфармацыі, але і для размоў.
Акрамя таго, Мінадукацыі ўносіць яшчэ некаторыя змены ў працу школ. Так, згодна з пастановай ведамства, з 1 верасня беларускія школьнікі будуць больш займацца фізкультурай.
Дакладней, апублікавалі тыпавыя навучальныя планы, з якіх вынікае, што колькасць урокаў фізічнай культуры для дзяцей 1-11-х класаў на тыдзень стане тры.
Таксама з 2026 года ўсе 10-класнікі (не толькі кадэты і сувораўцы) будуць праходзіць 10-дзённыя вучэбна-палявыя зборы.
Яны пачнуцца адразу пасля заканчэння заняткаў у 10-м класе - з 26 траўня, а працягнуцца да 5 чэрвеня.