ISW расказаў, чаго чакаць ад саміту на Алясцы
22- 11.08.2025, 13:52
- 19,420
Мэты Расеі ў дачыненні да Украіны не змяніліся.
Крэмль плануе выкарыстаць запланаваную сустрэчу Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна на Алясцы не для змястоўных мірных перамоў, а каб аслабіць адзінства паміж Злучанымі Штатамі і Еўропай. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі адзначаюць, што апошнія заявы расейскіх лідараў сведчаць аб спробах Масквы выставіць Украіну і Еўропу перашкодай на шляху да міру. Намеснік старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў абвінаваціў Еўропу ў нібыта перашкодзе намаганням ЗША спыніць вайну, а лідар ЛДПР Леанід Слуцкі заявіў, што еўрапейскія краіны «не дапускаюць хуткага мірнага ўрэгулявання».
Расейскі палітолаг Сяргей Маркаў у інтэрв'ю The Washington Post заявіў, што адзіны «кампраміс», на які гатовая пайсці Расея, - гэта спыненне баявых дзеянняў пасля захопу Адэскай і Харкаўскай абласцей, а таксама Херсона і Запарожжа. Ён таксама ўсклаў адказнасць за вайну на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і еўрапейскіх лідараў.
ISW адзначае, што ўкраінскія і еўрапейскія чыноўнікі дэманстравалі гатоўнасць да добрасумленных перамоў і ўкладання рэальных пагадненняў аб спыненні агню, але Масква стабільна адпрэчвала гэтыя прапановы, замест гэтага імкнучыся да саступак і замацавання вайсковых поспехаў.
Паводле ацэнкі інстытута, стратэгічныя мэты Расеі застаюцца нязменнымі: недапушчэнне ўступлення Украіны ў NATO, усталяванне прарасейскага ўрада ў Кіеве і дэмілітарызацыя краіны, што фактычна будзе азначаць яе капітуляцыю.
«Расея, з вялікай верагоднасцю, будзе парушаць і выкарыстоўваць ва ўласных мэтах любыя будучыя пагадненні аб спыненні агню, абвінавачваючы ў парушэннях менавіта Украіну, як яна неаднаразова рабіла вясной 2025 года», - гаворыцца ў справаздачы ISW.