Частку аўтобусных рэйсаў з Менска ў Вільню і назад скасавалі праз «Захад-2025»?
2- 12.08.2025, 16:13
- 4,960
Пасажырам абяцаюць вярнуць сродкі.
У профільных групах у сацсетках з'явілася інфармацыя аб тым, што перавозчык Eurolines скасаваў частку аўтобусных рэйсаў паміж Менскам і Вільняй. Пры гэтым называюцца розныя магчымыя прычыны такой пастановы.
Цяпер на сайце кампаніі можна набыць квіткі на аўтобусы Менск — Вільня з адпраўленнем з аўтавакзала «Цэнтральны» а 14:00 і а 16:00 — сёння, а таксама а 14:00, 16:00 і 20:00 — у наступныя дні.
Зваротныя квіткі з Вільні ў Менск ёсць у продажы на рэйсы з адпраўленнем з Вільні а 06:00, 09:00 і 13:00.
Паведамляецца, што за набытыя квіткі на скасаваныя рэйсы можна атрымаць вяртанне сродкаў.
Акрамя таго, «Мінсктранс» сёння выступіў з паведамленнем: «З 14 жніўня да атрымання неабходных дазвольных дакументаў часова прыпыняецца выкананне рэйсаў па міжнародным маршруце Менск - Вільня - Менск часам адпраўлення з Менска а 01:50, 10:20, 12:00, з Вільні а 08:30, 0.00».
Як піша «Онлайнер», шэраг крыніц зняпраўджвае чуткі аб тым, што скасаванне аўтобусных рэйсаў можа быць звязанае з якімі-небудзь вайсковымі вучэннямі па абодва бакі мяжы.
- Шэраг перавозчыкаў на кірунку Менск - Вільня - Менск часова прыпыніў выкананне запланаваных рэйсаў з уласных аперацыйных прычын, - заяўляюць у сэрвісе «Атлас». - Іншыя працягваюць абслугоўванне маршруту ў штатным рэжыме. Мы аператыўна адсочваем змены і паведамім аб аднаўленні ўсіх рэйсаў, як толькі гэта адбудзецца.
Падкрэсліваецца, што пасажырам скасаваных рэйсаў гарантаванае поўнае вяртанне сродкаў.
- Мы раім разглядаць альтэрнатыўныя варыянты рэйсаў, а таксама звязвацца наўпрост з перавозчыкамі для ўдакладнення інфармацыі, - дадаюць у «Атласе».