Гісторыя з бойкай замежнікаў у Менску атрымала працяг
- 14.08.2025, 15:42
- 7,008
Канфлікт адбыўся яшчэ ў чэрвені, але затрымалі студэнтаў толькі цяпер.
У Менску за бойку каля крамы затрымалі трох замежнікаў. Пра гэта сталічная міліцыя паведаміла пасля таго, як у сацсетках з’явілася відэа гэтай бойкі.
«Аўтар публікацыі паказаў, што канфлікт адбыўся паміж грамадзянамі Пакістана, аднак гэтая інфармацыя не з'яўляецца дакладнай», — заяўляюць у міліцыі. Яны паведамляюць, што гаворка ідзе пра трох замежных студэнтаў, якія ўжо некалькі гадоў навучаюцца ў сталічным універсітэце. Краіна, з якой прыбылі студэнты, не называецца.
Затое міліцыянты падкрэсліваюць, што пра бойку даведаліся адразу: «пра гэты інцыдэнт, які адбыўся 19 чэрвеня гэтага года, супрацоўнікам міліцыі стала вядома ў гэты ж дзень, дзякуючы працы Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі ГУУС».
Такім чынам, само здарэнне адбылося амаль два месяцы таму.
Цяпер міліцыя праводзіць праверку гэтага факту. Затрыманыя замежнікі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання. Будзе разглядацца пытанне аб іх дэпартацыі з Беларусі.