Зяленскі выключыў здачу Данбасу
19- 17.08.2025, 18:20
- 8,896
Прэзідэнт Украіны адпрэчвае ўльтыматум Пуціна.
Кіеў не будзе аддаваць Расеі тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, якія знаходзяцца пад яе кантролем, дзеля мірнага пагаднення, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. «Расея дагэтуль не мае поспехаў у Данецкай вобласці, Пуцін не змог захапіць яе цягам 12 гадоў», - сказаў ён падчас прэс-канферэнцыі з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен у Брусэлі, паведамляе «Украінская праўда».
Зяленскі ў чарговы раз падкрэсліў, што Канстытуцыя Украіны «робіць немагчымай здачу тэрыторый або гандаль зямлёй». З яго слоў, тэрытарыяльнае пытанне праз яго асаблівую важнасць павінна абмяркоўвацца ў рамках трохбаковых перамоў з удзелам лідараў Украіны, Расеі і ЗША, і на гэты момант Масква не дэманструе «ніякіх прыкмет, што трохбаковая сустрэча адбудзецца». Зяленскі заклікаў увесці новыя санкцыі супраць Крамля, калі Уладзімір Пуцін, які, паводле звестак крыніц заходніх СМІ, патрабуе здаць яму ўвесь Данбас, прызнаць Крым і забараніць Украіне ўступаць у НАТА, адмовіцца ад такога саміту.
Усе перамовы аб заканчэнні вайны неабходна весці ў адпаведнасці з цяперашняй сітуацыяй у раёнах баёў УСУ і УС РФ, заявіў таксама прэзідэнт Украіны. «Нам патрэбныя рэальныя перамовы. Гэта азначае, што яны могуць пачацца там, дзе зараз знаходзіцца лінія фронту. Кантактная лінія - гэта найлепшая лінія для размовы. Еўрапейцы падтрымліваюць гэта, і мы дзякуем усім», - сказаў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы неабходнасць папярэдняга спынення агню для разгляду ўсіх патрабаванняў Масквы.
У панядзелак, 18 жніўня, Зяленскі сустрэнецца з Дональдам Трампам у Авальным кабінеце Белага дома для абмеркавання мірнага ўрэгулявання ва Украіне. Да яго на сустрэчы з лідарам ЗША далучацца кіраўнікі ключавых еўрапейскіх дзяржаў.