Расея зноў атакавала нафтагазавыя аб'екты Азербайджана ва Украіне
9- 18.08.2025, 11:18
- 8,688
У выніку ўзнік «магутны пажар».
Расейскія вайскоўцы ў ноч на 18 жніўня атакавалі беспілотнікамі Адэскую вобласць Украіны. Пад удар трапіў «аб'ект паліўна-энэргетычнай інфраструктуры», паведаміў кіраўнік ваеннай адміністрацыі рэгіёну Алег Кіпер. Ён удакладніў, што ў выніку ўзнік «магутны пажар», для тушэння якога давялося прыцягваць спецыяльны цягнік «Укрзалізніцы».
Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, дроны пацэлілі ў тэрмінал азербайджанскай дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі Socar. Гэтую інфармацыю таксама пацвярджаюць z-паблікі. «Зноў ударылі па нафтабазе азербайджанскай кампаніі „SOCAR“ ва Усатаве Адэскай вобласці))) каб [прэзідэнт рэспублікі Ільхам] Аліеў таксама не расслабляўся)», – гаворыцца ў допісе тэлеграм-канала «Тройка» (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).
Азербайджанскае выданне Minval піша, што ў выніку наўпроставых траплянняў дронаў знішчаныя ўсе 17 рэзервуараў, помпавая станцыя, аператарскія і тэхнічныя памяшканні тэрмінала. У сховішчы было больш за 16 тысяч кубаметраў паліва. Сума шкоды ўдакладняецца, праводзяцца тэрміновыя аднаўленчыя работы. Гэта ўжо другі масаваны напад на гэтую нафтабазу за апошнія 10 дзён. Да гэтага расейскія вайскоўцы ўдарылі па ёй 8 жніўня беспілотнікамі - тады аб'ект быў часткова разбураны. А двума днямі раней была атакавана кампрэсарная станцыя «Арлоўка» ў сяле Навасельскім, праз якую ва Украіну паступае азербайджанскі газ па Трансбалканскім газаправодзе. Пасля гэтага Аліеў пачаў разглядаць пастаўкі зброі УСУ, паведамлялі крыніцы блізкага да ўрада выдання Caliber. Таксама ён выдзеліў яшчэ $2 млн на гуманітарную дапамогу Украіне.