Ніхто так і не пастлумачыў Трампу: яго прапанова - спроба ўзаконіць генацыд
7- Рэфат Чубараў, Facebook
- 18.08.2025, 16:37
- 6,690
Крым - гэта не проста паўвыспа, гэта калыска карэннага крымскататарскага народа.
Цягам трох з паловай стагоддзяў (ЗША сёлета 249 гадоў) крымскія татары мелі ўласную дзяржаўнасць, якая выконвала прыкметную ролю ў еўрапейскай гісторыі. Крымскае ханства было актыўным удзельнікам міжнароднай палітыкі, хаўруснікам і супраціўнікам вялікіх дзяржаў, фармавала баланс сілаў ва Усходняй Еўропе і Чарнаморскім рэгіёне.
Усе трагедыі крымскататарскага народа пачаліся з моманту захопу Крыма Расейскай імперыяй і ліквідацыі яго дзяржаўнасці ў 1783 годзе. З тых часоў усе расейскія рэжымы - царскі, савецкі і цяперашні пуцінскі - пераследвалі адну і тую ж мэту: поўнае выцясненне крымскіх татараў з іх бацькоўскай зямлі.
18 траўня 1944 года савецкі таталітарны рэжым здзейсніў адно з самых цяжкіх злачынстваў ХХ стагоддзя: дэпартацыю крымскататарскага народа. Крымскіх татараў гвалтоўна ўтрымлівалі ў месцах выгнання амаль паўстагоддзя. У выніку гэтай палітыкі генацыду крымскататарскі народ і зараз знаходзіцца на мяжы знікнення.
І зараз, калі Расея зноў акупіравала Крым у 2014 годзе, перад крымскімі татарамі паўстае тая ж экзістэнцыйная пагроза. Сотні палітвязняў, большасць з якіх - крымскія татары, катаванні, рэпрэсіі, выцясненне з паўвыспы - усё гэта частка той жа імперскай стратэгіі Масквы, якая ўкараняецца ёю ў акупаваным Крыме.
І цяпер прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапануе Украіне "саступіць Крым" Расеі. Ён прапаноўвае Пуціну завяршыць тое, што царская імперыя, савецкі рэжым і сучасная Расея рабілі на працягу стагоддзяў, - знішчыць карэнны крымскататарскі народ.
Шкада, што ніхто так і не патлумачыў Дональду Трампу: яго прапанова – гэта не проста палітычны гандаль тэрыторыямі. Гэта прысуд цэламу народу. Гэта спроба ўзаконіць генацыд. І менавіта таму ніякія дамоўленасці, якія прадугледжваюць здачу Крыма Расеі, не могуць быць прымальнымі - ні для Украіны, ні для крымскататарскага народа, ні для свету, які яшчэ захоўвае ўяўленне аб справядлівасці і чалавечнасці.
Рэфат Чубараў, Facebook