CEPA: Час закрыць для Лукашэнкі санкцыйную шчыліну
4- 19.08.2025, 17:58
- 9,150
ААЭ дапамагае беларускаму рэжыму і Крамлю абыходзіць абмежаванні.
Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ) сталі адным з ключавых партнёраў Масквы, дапамагаючы Крамлю і рэжыму Лукашэнкі абыходзіць заходнія санкцыі. Нягледзячы на заявы пра пасярэдніцтва, Эміраты фактычна ператварыліся ў важны эканамічны і палітычны канал для Расеі, піша CEPA (пераклад – сайт Charter97.org).
Гандаль паміж краінамі вырас амаль утрая – з $4 млрд у 2021 годзе да $11,5 млрд у 2024-м. У ААЭ хлынулі расейскія капіталы, а плынь золата і дыямантаў дазваляе хаваць іх паходжанне і выводзіць на сусветныя рынкі. Не менш паказальна: гандаль паміж Эміратамі і Беларуссю за той самы перыяд вырас у 47 разоў – да $3,9 млрд.
Абу Дабі актыўна ўдзельнічае ў Міжнародным транспартным калідоры «Поўнач-Поўдзень», які злучае Расею з Афрыкай і Індыяй. У Цэнтральнай Азіі Эміраты інвестуюць у стратэгічную інфраструктуру, дапамагаючы Маскве захоўваць уплыў і абыходзіць санкцыі.
На афрыканскім кірунку інтарэсы бакоў таксама супадаюць: Расея пастаўляе зброю праз Беларусь, а Эміраты ўзбройваюць групоўкі, уключаючы сумнавядомыя Сілы хуткага рэагавання (RSF) у Судане. Гэта выклікала крытыку ў ЗША, дзе частка кангрэсмэнаў патрабуе блакаваць угоды з ААЭ да спынення «спрыяння генацыду».
Захад, прызнаючы цесныя сувязі Абу Дабі і Масквы, часта заплюшчвае вочы на іх маштабы. Важную ролю выконвае гіганцкі інвестыцыйны патэнцыял Эміратаў: толькі ў ЗША яны паабяцалі ўкласці $1,4 трлн. Пры гэтым у 2016–2022 гадах ААЭ выдаткавалі $154 млн на лабіяванне інтарэсаў у Вашынгтоне.
Аднак пагроза другасных санкцый з боку адміністрацыі Трампа ставіць звяз пад удар. Эксперты зазначаюць: для стрымлівання амбіцый Крамля неабходна перакрыць эканамічныя сеткі, у тым ліку праз ціск на ААЭ.