МЗС скасавала жывую чаргу па апастыль у Менску
3- 19.08.2025, 20:13
- 7,510
Цяпер толькі па запісе.
Галоўная консульская ўправа МЗС Беларусі скасавала жывую чаргу на падачу дакументаў на апастыль з 19 жніўня. Цяпер усе наведвальнікі – і тыя, хто прыносіць свае дакументы сам, і тыя, хто звяртаецца праз даверанасць – павінны папярэдне запісацца, піша devby.io.
«Учора была апошняя магчымасць зрабіць апастыль у жывой чарзе, – расказаў выданню чытач. – Я прыехаў а 7-й, было ўжо чалавек 60. Супрацоўнікі МЗС сказалі, што з заўтрашняга дня прымаць дакументы будуць толькі паводле папярэдняга запісу.
Але ўчора працаваў яшчэ ранейшы парадак. Гэта значыць, людзі прыязджаюць да 6.00–7.00 і складаюць папяровы спіс. Супрацоўнікі яго забіраюць і потым запускаюць наведвальнікаў па чарзе. Я адстаяў да 12.30, падаў свой дакумент, заплаціў 210 рублёў (збор за апастыляванне аднаго дакумента – 5 БВ). У той самы дзень з 15.00 да 16.00 мне выдалі дакумент з перакладам.
Калі б я прыйшоў сёння (19 жніўня – Заўв. рэд.), то давялося б чакаць. Так, учора запісвалі на 18 верасня. Не, тут няма блытаніны. Рэч у тым, што папярэдні запіс і раней існаваў – але толькі для тых, хто падаецца праз даверанасць. Цяпер жа папярэдні запіс распаўсюджваецца на ўсіх».
Як удакладняе devby.io, паводле адных звестак, 19 жніўня запісвалі яшчэ на жнівень, паводле іншых – на верасень. Магчыма, гаворка пра дзве розныя чэргі – для самастойных (хутчэй) і з даверанасцю (даўжэй), выказала меркаванне выданне.
На сайце Галоўнай консульскай управы МЗС Беларусі ўказана, што прыём дакументаў на апастыль ажыццяўляецца паводле папярэдняга запісу. Прычына таму – вялікая колькасць зваротаў.
«Журнал запісу на прыём знаходзіцца ў Галоўнай консульскай управе МЗС (вул. Карла Маркса, 37а). Запіс на прыём вядзецца ў працоўныя дні (акрамя серады) з 09.00 да 10.00 (не больш за 50 чалавек ці 120 дакументаў за дзень)», – паведамілі ва ўстанове, дадаўшы, што прыём дакументаў ажыццяўляецца ў буднія дні з 8.00 да 10.30 (у сярэды – з 1.00).
Папярэдні запіс на апастыль уводзіцца ў Беларусі не ўпершыню. Так, з 3 сакавіка папярэдні электронны запіс увяло Мінадукацыі, якое запэўнівае дакументы аб адукацыі. У галоўных управах юстыцыі аблвыканкамаў і Менгарвыканкама (апастылююць дакументы, якія зыходзяць з судоў, натарыяльных архіваў і ад натарыусаў) дакументы па-ранейшаму прымаюць праз жывую чаргу.