Лукашэнка ўляпаўся ў алкагольны скандал
25- 23.08.2025, 13:58
- 27,558
Старэйшы сын дыктатара спойвае беларусаў.
Расследавальнікі з "Бюро медыя" даведаліся, якое дачыненне мае Нацыянальны алімпійскі камітэт да сеткі алкамаркетаў "Дуб зялёны".
У ліпені 2025 года ў Пружанах, на малой радзіме "кашалька" Лукашэнкі Аляксандра Зайцава, адкрылася першая крама алкагольнай прадукцыі пад брэндам "Дуб зялёны". Мясцовая раённая газета анансуе запуск цэлай сеткі алкамаркетаў па ўсёй Беларусі.
Журналісты "Бюро" даведаліся, што гэты таварны знак Зайцаў у ліпені 2023 года зарэгістраваў на сябе асабіста.
Сама ж крама ў Пружанах належыць фірме "Главторгпред". На яе ж у сакавіку 2025 года быў зарэгістраваны яшчэ адзін пункт "Дуб зялёны" ў Пінску.
Журналісты ўстанавілі, што 51% "Главторгпред" знаходзіцца ва ўласнасці ў Аляксандра Зайцава. Аднак спойваць беларусаў бізнэсовец плануе не ў адзіночку, а ў кампаніі свайго патрона Віктара Лукашэнкі - 49% фірмы запісана на Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК), які з 2021 года і ўзначальвае старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі.
Праўда, колькі партнёры заробяць на новай алкагольнай сетцы, мы так і не даведаемся, адзначае выданне. Справа ў тым, што ўся бухгалтарская справаздачнасць кампаніі засакрэчана як падатковая таямніца згодна з пастановай Савета міністраў.
Акрамя "Дуба зялёнага", з 2021 года "Главторгпред" таксама валодае супермаркетам бязмытнага гандлю на аўтамабільным памежным пераходзе Бераставіца/Баброўнікі на мяжы з Польшчай.