Расею чакае рэзкі рост коштаў грэчкі
4- 23.08.2025, 14:21
- 3,120
Падзенне ўраджаю пагражае паскарэннем інфляцыі.
У Расеі на фоне падзення ўраджаю грэчкі, які ў 2025 годзе скароціцца на 35% год да года (да 788 тысяч тон) - мінімальных значэнняў з 2019 года - ужо ў наступным годзе можа на 15% павялічыцца рознічны кошт грэчкі. Аб гэтым паведамляе The Moscow Times са спасылкай на экспэртаў аграрнага рынку.
Рост коштаў стане следствам «значнага скарачэння прапановы» пры захаванні высокага попыту на грэчку як на традыцыйны прадукт, тлумачыць эканаміст Дзмітрый Маркоўкін «Цэны грэчкі ў вытворцаў нізкія і набліжаюцца да сабекошту (10-11 тыс. руб./т), што можа ўзмацніць скарачэнне пасеваў. Гэта стварае перадумовы для павышэння рознічных коштаў», - заявіў Маркоўкін. Усё гэта прывядзе і да агульнага росту інфляцыі, падкрэсліў экспэрт.
Рызыкі росту коштаў грэчкібачыць Мінсельгас. Ведамства даручыла рытэйлерам прааналізаваць сітуацыю з коштамі крупы і даць справаздачу аб узроўні попыту, долі доўгатэрміновых кантрактаў і патэнцыйных складанасцях. У міністэрстве пры гэтым заяўлялі, што "трымаюць на асаблівым кантролі" сітуацыю з вытворчасцю і коштамі сацыяльна значных прадуктаў, у тым ліку грэчкі.
Маніторынгавы рэсурс «Цэназаўр», які вывучыў кошт прадукта ў розных вытворцаў у федэральных і рэгіянальных гандлёвых сетках, адзначае, што за год грэчка падаражэла ўсяго на 3,3% – у 2,5 разы ніжэй афіцыйнага ўзроўню інфляцыі. Цяпер сярэдні кошт упакоўкі вагой 800 г складае 93,8 рубля. Маркоўкін адзначае, што стрымліваць рост коштаў будуць назапашаныя запасы, якія, паводле ацэнак, складаюць 700 тысяч тон.
У Расеі зніжаецца рэнтабельнасць вытворчасці грэчкі і аграрыі аддаюць перавагу соі, рапсу, сланечніку і іншым культурам, указвае прафесар Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе РФ Марына Мельнічук. Са звестак улад Алтайскага краю, у 2024 годзе рэнтабельнасць грэчкі была амаль у 10 разоў ніжэйшая за алейныя культуры, адзначыла яна. Са слоў эксперта, вытворцы фіксуюць зніжэнне закупачных цэн прадукцыі і скарачэнне маржынальнасці, а таксама стабільны рост выдаткаў на тэхніку, паліва, угнаенні і сродкі аховы раслін.
«Гэта прымусіла многіх фермераў перагледзець структуру пасяўных плошчаў на карысць больш рэнтабельных культур. Грэчка лічыцца менш прывабнай ва ўмовах эканамічнай нявызначанасці, бо гэта капрызная культура з непрадказальнай ураджайнасцю, - удакладняе Надзея Капусціна, прафесар кафедры эканамічнай бяспекі і кіравання рызыкамі Фінуніверсітэта.