У касцёле Браслава знікла польская мемарыяльная таблічка
8- 23.08.2025, 15:22
- 5,344
Беларускія ўлады працягваюць чыстку памяці.
У касцёле Браслава знікла польская мемарыяльная таблічка. Гэта заўважылі 23 жніўня ўдзельнікі ўрачыстасці ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Марыі Уладычыцы Азёраў у Браславе, паведамляе katolik.life.
Таблічка вісела на сцяне касцёла з 2009 года. Тады яе прывезлі з Польшчы і ўстанавілі ўдзельнікі паломніцтва з Варшавы, сябры польскай Нацыянальнай асацыяцыі браслаўчан (Krajowe Stowarzyszenie Brasławian) — ураджэнцы Браслаўшчыны і іх нашчадкі.
Гранітная таблічка мела надпіс на польскай і беларускай мовах:
"У памяць палякаў, якія аддалі Браслаўскай зямлі і Рэчы Паспалітай сваю працу, барацьбу і жыццё".

Як мяркуюць вернікі, указанне зняць таблічку маглі даць мясцовыя ўлады. Але калі такое рашэнне было прынята ў самой парафіі для падстрахоўкі, то такая самацэнзура выглядае абсурднай, уважаюць вернікі.
Знікненне ў касцёлах мемарыяльных прадметаў, якія не адпавядаюць цяперашняй дзяржаўнай ідэалогіі (у гонар Пілсудскага, Варшаўскай бітвы, Арміі Краёвай) стала тэндэнцыяй (прыклады - помнік у Вайстоме, фрэска ў Солах), але таблічка ў Браславе не мела канкрэтнага палітычнага сэнсу. Яна не змяшчала згадак ворагаў камуністаў ці непрыемных для беларускай дзяржавы момантаў.
Відаць, сам факт наяўнасці польскай мовы і герба стаў прычынай знікнення таблічкі.