СМІ: «Паўночны струмень» падарвалі трыма бомбамі
9- 23.08.2025, 19:24
- 18,196
Іх усталявалі чатыры вадалазы.
Затрыманы ў Італіі ўкраінец Сяргей К. быў не толькі адным з сямі чальцоў экіпажа яхты Andromeda, з якой былі здзейсненыя выбухі на газаправодах «Паўночны струмень», але і, магчыма, кіраваў усёй аперацыяй як «каардынатар». Такую выснову зрабіла ў апублікаваным у суботу, 23 жніўня, супольным даследаванні каманда журналістаў нямецкіх газет Süddeutsche Zeitung (SZ) і Die Zeit, а таксама тэлеканала ARD, якая атрымала доступ да ордэра на арышт украінца, піша «Нямецкая хваля».
Расследавальнікі таксама спасылаюцца на наяўныя ў іх звесткі Генеральнай пракуратуры, Федэральнай крымінальнай паліцэйскай управы і Федэральнай паліцыі Нямеччыны. Паводле інфармацыі SZ і часопіса Der Spiegel, арыштаваны раней быў супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны (СБУ), аднак 10 гадоў таму перайшоў на працу ў «прыватны сектар» і быў кіраўніком кампаніі ў энэргетычнай галіне.
У ордэры на арышт Сяргей К. пазначаны як суўдзельнік. У ліку іншага яму выстаўленыя абвінавачанні ў «наўмысным падрыве выбуховых рэчываў» і «разбурэнні аб'ектаў». Украінцу пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Тры бомбы ўзарвалі на глыбіні 70 м
«Згодна з ордэрам на арышт, Сяргей К. узначальваў і каардынаваў дыверсійную групу, якая складалася з чатырох вадалазаў і спецыяліста па выбуховых прыладах, якая ў пачатку верасня 2022 года выйшла на арандаванай 12-метровай яхце Andromeda і за тры тыдні знаходжання на вадзе прывяла ў дзеянне тры выбуховыя прыстасаванні вагой ад 14 да 27 кг на газаправодах на глыбіні, большай за 70 метраў», – гаворыцца ў расследаванні. Выбуховае рэчыва ўяўляла сабой сумесь гексагену (RDX) і актагену (HMX), бомбы былі абсталяваныя гадзіннікавымі дэтанатарамі, удакладняюць там.
Паводле звестак следчых, 22 верасня Сяргей К. сышоў з борта яхты ў населеным пункце Вік-аўф-Фер на поўначы Нямеччыны і быў сустрэты кіроўцам, які адвёз яго назад ва Украіну. Затым іншыя падазраваныя, відавочна, вярнуліся на яхту Andromeda паблізу Варнемюндэ, дзе яна была арандаваная.