CNN: Расея тэрмінова вывозіць бензін з Беларусі
51- 24.08.2025, 12:18
- 50,652
У краіне дэфіцыт паліва.
Праз павелічэнне колькасці ўкраінскіх нападаў на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы ў РФ рэкордна выраслі кошты бензіну. Аб гэтым піша CNN.
У выданні адзначылі, што Украіна засяроджвае свае атакі на НПЗ, помпавых станцыях і паліўных цягніках, спрабуючы прычыніць шкоду вайсковай машыне РФ і парушыць паўсядзённае жыццё ў краіне. Адзначаецца, што ўлетку попыт на бензін сярод расейскіх кіроўцаў і фермераў самы вялікі.
Паводле інфармацыі CNN, толькі ў гэтым месяцы ўкраінскія беспілотнікі атакавалі сама меней дзесяць ключавых энэргетычных аб'ектаў РФ.
“І гэтая стратэгія, здаецца, працуе. Паводле звестак украінскай выведкі, нафтавая перапрацоўка, якая зазнала ўдары, складае больш за 44 мільёны тон прадукцыі за год, што перавышае 10% магутнасцяў Расеі», - нагадалі ў публікацыі.
Адной з цэляў стаў вялізны нафтаперапрацоўчы завод «Лукойл» у Валгаградзе, які з'яўляецца найбуйнейшым на поўдні Расеі.
«CNN вызначыла месцазнаходжанне аблокаў дыму, якія ўзнімаліся над заводам, што быў атакаваны раніцай 14 жніўня. Міністэрства абароны Расеі прызнала пашкоджанні завода, які быў зноў атакаваны 19 жніўня», - дадалі ў матэрыяле.
У той жа час у замежнай выведцы Украіны заявілі, што расейскія кампаніі тэрмінова закупляюць нафту ў Беларусі, каб урэгуляваць праблему ўнутранага дэфіцыту.
Таксама Украіна спрабуе перашкодзіць і расейскаму экспарту нафты. На мінулым тыдні ўкраінскія дроны атакавалі трубаправод «Дружба», які пастаўляе расейскую нафту ў Вугоршчыну і Славаччыну - дзве краіны ЕЗ, урады якіх маюць добрыя дачыненні з Масквой.
У сваю чаргу аналітыкі мяркуюць, што тысячы расейскіх заправачных станцый не застануцца без паліва, аднак адзначылі, што перабоі ў пастаўках пагоршаць высокі ўзровень інфляцыі і прывядуць да падаўжэння забароны на экспарт бензіну да восені.