«Наведвальнікі стадыёна абавязаны знаходзіцца ў стане ап'янення»
11- 29.08.2025, 12:58
- 14,042
Стэнд з кур'ёзнай памылкай заўважылі ў гімназіі Менска.
Наведвальнікі стадыёна гімназіі № 14 Менска абавязаныя знаходзіцца «ў стане алкагольнага, наркатычнага і таксічнага ап'янення». Такую інфармацыю памылкова размясцілі на стэндзе, які ўсталяваны каля спартыўнага аб'екта навучальнай установы, заўважыў тэлеграм-канал «Минск. Главное!».
Мадэрнізаваны і добраўпарадкаваны стадыён на тэрыторыі гімназіі № 14 адкрылі ў верасні 2024 года, пісалі СМІ. Заказчыкам выступіла ўправа капітальнага будаўніцтва Заводскага раёна сталіцы.
28 жніўня тэлеграм-канал «Минск. Главное!» апублікаваў фатаграфію стэнда, які ўсталяваны ля стадыёна. На беларускай мове на таблічцы напісаны правілы наведвання спартыўнага аб'екта:

«Наведвальнікі абавязаны знаходзіцца на стадыёне ў нецвярозым стане, у стане наркатычнага і таксічнага ап’янення».
Нагадаем, у адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення цягне накладанне штрафу сумай да васьмі базавых адзінак (336 рублёў). За паўторнае парушэнне на працягу года можна атрымаць грамадскія працы або адміністрацыйны арышт.