ЗША перададуць Украіне зброю, здольную знішчаць цэлі ў глыбіні РФ
30- 30.08.2025, 12:14
- 25,658
Гэта частка стратэгіі Трампа.
Злучаныя Штаты падаюць Украіне зброю, якая дазваляе наносіць удары па больш аддаленых цэлях на тэрыторыі Расеі.
Пра гэта заявіў пасол ЗША пры NATO Мэцью Уітакер у інтэрв'ю Fox News.
Са слоў дыпламата, стратэгія Трампа цалкам адрозніваецца ад стратэгіі адміністрацыі экс-прэзідэнта Джо Байдэна ў трох ключавых фактарах.
Па-першае, адзначыў пасол, амерыканская зброя, якая зараз выкарыстоўваецца на фронце ва Украіне, не аплачваецца амерыканскімі падаткааплатнікамі.
Па-другое, з яго слоў, ЗША вядуць перамовы з Расеяй, чаго не адбывалася за адміністрацыяй Байдэна.
«І нарэшце, мы даём (Украіне. – рэд.) магчымасці для ўдараў па больш аддаленых цэлях на тэрыторыі Расеі», – адзначыў Уітакер.
Ён адзначыў, што Дональд Трамп стварыў зусім іншую сітуацыю, чым у часы Байдэна, бо прымусіў Уладзіміра Пуціна сесці за стол для перамоў.
Са слоў амбасадара ЗША пры NATO, гэты дыялог яшчэ не скончаны, але «бакі ўсё яшчэ вядуць гэтыя перамовы, абменьваюцца палоннымі, ёсць шмат добрых навін».
«Усе мы хочам, каб гэтая вайна скончылася. Гэта не вайна Дональда Трампа, але ён, безумоўна, хоча, каб забойствы спыніліся. Ён хоча, каб удары па гарадах Украіны спыніліся. Ён хоча, каб забойствы і смерць спыніліся», - падкрэсліў Уітакер.