У Беларусі збанкрутаваў адзін з вытворцаў згушчонкі
8- 30.08.2025, 13:53
- 15,520
Прадпрыемства пачало працэс ліквідацыі.
Вытворцу згушчанага малака «Витебское лукошко» прызналі банкрутам. Гэта вынікае са звестак адзінага дзяржрэестра інфармацыі аб банкруцтве.
Кампанія «Витебское лукошко» з 2013 года займалася вытворчасцю малочных кансэрваў - канцэнтраванага і згушчанага малака. У большай ступені прадукцыя была арыентаваная на расейскі рынак.
Увесну 2024 года прадпрыемства пачало працэс ліквідацыі.
Раней 1 красавіка гэтага года ў Эканамічным судзе Менска пачалі разглядаць справу аб яго банкруцтве. З заявай звярнулася падатковая інспекцыя, бо прадпрыемства завінавацілася 924,9 тысячы рублёў у бюджэт. Тады суддзя адкрыў конкурсную справу. Гэта стандартная працэдура, якая дазваляе або аздаравіць прадпрыемства, або канчаткова ліквідаваць яго на карысць крэдытораў.
А 24 чэрвеня гэтага года Эканамічны суд Менска пастанавіў прызнаць банкрутам «Витебское лукошко» і запусціць ліквідацыйную справу. Як плануецца, яна працягнецца да 24 снежня гэтага года.